19 чэрвеня ў Мінску дэлегацыя Еўрапарламента сустрэлася з лідарамі апазіцыі.

У ёй удзельнічалі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард і намеснік старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Валерый Ухналёў. У складзе дэлегацыі Еўрапарламента былі кіраўнік рабочай групы па сувязях з БеларуссюБагдан Здраеўскі, дэпутаты Сандра Калніеце, Вальдэмар Тамашэўскі, Марэк Юрэк, Хайдзі Хаўтала, Нілс Торвалдс, Агнешка Казлоўска і Андрэй Мамікін.

Гаворка ішла пра будучыя прэзідэнцкія выбары і пра аказанне Беларусі дапамогі з боку ЕС. Апазіцыянеры звярталі ўвагу дэпутатаў на ціск, які пачаўся на ўдзельнікаў ініцыятыўных груп. Гасцям з ЕС перадалі прапановы па правядзенні выбараў, якія раней дасылаліся і беларускім уладам.

На сустрэчы гаварылі і пра фінансавую дапамогу ЕС Беларусі. Лябедзька выказаўся на конт таго, што 700 тысяч дапамогі на судовую сістэму Беларусі, «якая не з'яўляецца такой зыходзячы з міжнародных стандартаў, ці 7 мільёнаў на мясцовае самакіраванне — гэта кепскія прыклады». Палітык мяркуе, што ў Еўракамісіі дзіўна ўспрымаюць сітуацыю ў нашай краіне, не заўсёды разумеюць, якія праекты трэба падтрымліваць. Багдан Здраеўскі паведаміў, што з чыноўнікамі з Бруселя будзе гаворка на гэтую тэму.

Нагадаем, дэлегацыя Еўрапарламента знаходзіцца ў Беларусі з двухдзённым візітам. Яна мела сустрэчы ў МЗС, Цэнтрвыбаркаме, МІнюсце і ў Савеце Рэспублікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?