Старшыня Еўрапейскай Рады Дональд Туск заявіў, што Грэцыя павінна застацца ў еўразоне. З такой заявай ён выступіў пасля пазачарговай сустрэчы ўдзельнікаў Еўрагрупы, якая прайшла ў суботу і на якой было прынята рашэнне не працягваць Грэцыі праграму фінансавай дапамогі.
«Грэцыя з'яўляецца і павінна заставацца членам еўразоны», — цытуе Туска Reuters. Ён дадаў, што кантактуе з лідэрамі краін зоны еўра, каб «забяспечыць цэласнасць еўразоны з 19 краін».
У суботу ў Брусэлі адбылася пазачарговая сустрэча, дзе бакі ў чарговы раз спрабавалі дасягнуць пагаднення паміж Грэцыяй і яе крэдыторамі. Пасля правалу перамоваў грэцкі міністр пакінуў сустрэчу, яго 18 калегаў працягнулі засядаць без яго. У выніку было прынята рашэнне не працягваць Грэцыі праграму фінансавай дапамогі, якая заканчваецца 30 чэрвеня.