Перадвыбарчая кампанія набірае абароты. Да 17 ліпеня патэнцыйныя прэтэндэнты на пасаду кіраўніка дзяржавы павінны прадаставіць у ЦВК спіс сваёй ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў. «Наша Ніва» спытала ў асноўных кандыдатаў і прадстаўнікоў іх штабоў, як ідуць справы.

Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік перадвыбарчага штаба Таццяны Караткевіч:

«Сёння галоўная задача – фармаванне ініцыятаўнай групы. Людзі могуць прыходзіць да нас ў офісы, плюс мы зрабілі адмысловую старонку ў інтэрнэце.

Другая важная задача – гэта паездкі па рэгіёнах і сустрэчы з людзьмі. У нас мінімум чатыры паездкі на тыдзень».

Таццяна Караткевіч. Фота belsat.eu

Таццяна Караткевіч. Фота belsat.eu

Па словах Дзмітрыева, на сёння ініцыятыўная група налічвае больш за тысячу чалавек.

«У зборы подпісаў мы будзем рабіць ухіл не на пікеты, а на наведванне людзей. То бок пойдзем па кватэрах ад дзвярэй да дзвярэй. Па нашым досведзе, гэта значна больш эфектыўна», — сказаў ён.

Іншы кандыдат, лідар партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін таксама заняты стварэннем ініцыятыўнай групы.

Сяргей Калякін. Фота belapan.com

Сяргей Калякін. Фота belapan.com

«Усё ідзе па плане. На гэтых выходных прыедуць людзі з рэгіёнаў і будуць падведзены вынікі фарміравання ініцыятаўнай групы. Не скажу, што ўсе жыхары Беларусі кінуліся ў нашу групу, бо ёсць пэўныя складанасці, выкліканыя палітычнай сістэмай. Шмат хто баіцца, мы бачым, што выкарыстоўваецца адміністрацыйны ціск, калі на працы, ці вучобе папярэджваюць, каб не ішлі да апазіцыйных кандыдатаў, - кажа Калякін. –

Але мы разлічваем на 1,5 тысячы чалавек. Мы не гонімся за колькасцю, галоўнае – набраць людзей, яікія змогуць працаваць».

Лідар Аб’яднанай грамадскай партыі Анатоль Лябедзька, заявіў, што гэтую кампанію было вырашана праводзіць па-новаму:

«Мы робім усё магчымае і, нават, крыху больш. Нашы штоднёвыя задачы: стварэнне ініцыятыўнай групы і фандрайзінг (збор рэсурсаў - «НН»). Мы праводзім кампанію на валанцёрскіх пачатках, і гэта наш першы такі досвед. Але нават калі ёсць валанцёры, выдаткі ўсё ж патрэбны, - тлумачыць Лябедзька. –

У ідэале добра было б сабраць мільён даляраў, але для нашых умоваў, калі збярэцца хаця б сто тысяч, можна будзе фарміраваць бюджэт і арганізоўваць інфармацыйную кампанію. Гэта яшчэ і таму, што ініцыятыўная група будзе працаваць як валанцёры, бо раней менавіта гэта было асноўным пунктам выдаткаў».

Анатоль Лябедзька. Фота belgazeta.by

Анатоль Лябедзька. Фота belgazeta.by

Пры гэтым, адзначыў Лябедзька, арыентацыя на валанцёраў дае як плюсы, так і мінусы.

«Шмат хто, чуючы, што не будзе фінансавання, губляе цікавасць. Я кажу нават пра структуры, і грамадскія, і палітычныя. Мы — ідэалагічная суполка, у нас ёсць актыў, на які мы можам абапірацца. А іншыя структуры, якія працуюць па прынцыпе французскага легіёна, якія прывучылі сваіх людзей да грошай, – ім прыйдзецца цяжэй. Нават некаторыя нашы прыхільнікі сыходзяць, калі даведваюцца, што фінансавання фактычна не будзе», — мяркуе Анатоль.

Што тычыцца ініцыятаўнай групы, то планы наступныя.

«Мы разлічваем прыкладна на тысячу чалавек, з іх каля 500 будзе займацца зборам подпісаў. Мы ведаем, як сабраць неабходныя 100 000 подпісаў. У 2010 годзе мы сабралі 127 000 і спынілі збор», - сцвярджае Лябедзька.

Таксама ідзе праца па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты палітвязня Мікалая Статкевіча.

Штаб руху салідарнасці «Разам» сабраў подпісы больш за 200 чалавек, якія пагадзіліся стаць сябрамі ініцыятыўнай групы. Сярод іх Лявон Вольскі, Сяргей Законнікаў, Аляксей Марачкін, Юры Хашчавацкі і іншыя.

Мікалай Статкевіч. Фота Reuters

Мікалай Статкевіч. Фота Reuters

Марына Адамовіч, жонка палітвязня і каардынатар ініцыятыўнай групы ў падтрымку яго як кандыдата ў прэзідэнты, распавяла, што ўжо падведзены папярэднія вынікі.

«Разлічваем, што ў ініцыятыўную групу ўвойдуць каля тысячы чалавек.

Таксама распаўсюдзілі ў СМІ зварот з нашымі кантактнымі дадзенымі, таму што шмат людзей звяртаецца з пытаннем, як нас знайсці, нават праз фэйсбук, — паведаміла Адамовіч. — Наша асноўная мэта — звярнуць увагу грамадства, што ў нашай краіне не могуць адбывацца сапраўдныя выбары без вызвалення і рэабілітацыі Мікалая Статкевіча як удзельніка мінулай кампаніі і іншых палітвязняў. Таму мы будзем працягваць звяртацца да беларускай і міжнароднай супольнасці, не толькі на працягу рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Мы разумеем, што наша улада, напэўна, не дасць зарэгістраваць Мікалая ў якасці кандыдата. Але ў заканадаўстве ёсць такі момант, што ініцыятыўная група павінна быць зарэгістравана, нават калі кандыдату ў рэгістрацыі адмовяць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?