Добры дзень, «Наша Ніва»!
Вельмі добра, што ты ў нас ёсць. Кожны чацвер грэеш нам сэрцы. Мы пенсіянеры-настаўнікі: Курмель Марыя Міхайлаўна — біёлаг (1949 г.н.) і Гаўрылкевіч Лявон Іосіфавіч — гісторык (1949 г.н.). Працавалі з 1971 года да выхаду на пенсію ў Вішнеўскай школе. Выхавалі і далі вышэйшую адукацыю пяці сынам. Маем 8 унукаў. Так што жыццё пражылі, як кажуць у народзе, «ні зра».
Вельмі любім класічную беларускую літаратуру: Багдановіча, Быкава, Барадуліна, Коласа, Купалу, Караткевіча. Чытаем зімой па вечарах адзін аднаму любімыя старонкі. І самі пакрышку пішам вершы і мініяцюры.
Усяго вам добрага. Беражыце сябе!
Марыя Курмель
Лес
Я люблю наш прыгожы лес,
Твор прыроды самы чароўны,
Сосны стромкія да нябёс
І чарнічнік багаты, роўны.
На ўскрайку раскідзісты дуб,
Стукат дзятла ляснога дзесьці,
Спеў птушыны на шмат галасоў
І вавёрку, што скача па вецці.
Я знайду ў ім утульны куток,
Грыбоў, ягад збяру багата.
І напоўніцца сэрца святлом.
Лес для нас, што родная хата.
Беражыце, шануйце яго,
Ад пажараў ліхіх і растраты.
Хай красуецца праз вякі
Твор прыроды самы выдатны.
Лявон Гаўрылкевіч
Мініяцюра
Самая
страшная
хвароба
чалавека —
гэта не рак, не СНІД,
а лянота.
***
Ад рэдактара. Дзякуй за цёплыя словы і шмат добрых вершаў. Добрага здароўя вам, і хай Ваша сям’я будзе шчаслівым узорам не толькі Вашым унукам, але і праўнукам, і суседзям. На такіх, як вы, свет трымаецца.