«Наша Ніва» паведамляла, што ў Расіі знялі дзіцячы мульцік «Крэпасць». У ім паказваюцца падзеі аблогі Смаленска ў 1609—1611 гадах. Акцэнты растаўленыя выразна: «добрыя» — гэта маскоўцы, а кепскія — войска Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам Жыгімонта ІІІ Вазы. 

Войскі Рэчы Паспалітай у мульціку называюцца «падступнымі палякамі», якія прагнуць захапіць «Русь». 

Вядома таксама, што «Крэпасць» мяркуецца да паказу і ў Беларусі. Хоць Рэч Паспалітая была дзяржавай палякаў, беларусаў і літоўцаў, і нашы продкі ваявалі за тое, каб Смаленск застаўся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага.

Ці месца такому мульціку на нашых экранах? 

«Наша Ніва» патэлефанавала ў Міністэрства культуры, каб спытаць іх меркаванне. Мы пагутарылі з галоўным спецыялістам упраўлення па кінематаграфіі Міністэрства культуры Міхаілам Драздовым. 

«НН»: Міхал Аляксеевіч, ці не здаецца вам, што гэты мульцік не варта паказваць у Беларусі? Усё ж, нашым дзецям прапаноўваюць глядзець, як гінуць іх «падступныя» продкі… 

Міхаіл Драздоў: У інтэрнэце ўсялякае пішуць. Калі ён да нас прыйдзе, калі мы паглядзім… Увогуле, кожны аўтар мае права на сваю пазіцыю.

«НН»: А такая пазіцыя не падаецца Вам недапушчальнай з пункту гледжання беларусаў?

Міхаіл Драздоў: Яго глядзець трэба. Вось бывае так, што выходзіць фільм 14+, яго яшчэ нідзе не бачылі, а грамадзяне ўжо пішуць, што там парнаграфія дзіцячая можа быць. Людзі пільныя ў нас. І мы па факце працуем. Калі там не будзе нічога такога, то хай ідзе.

«НН»: Мульцік, у якім забіваюць нашых продкаў, гэта нічога такога?

Міхаіл Драздоў: Продкаў забіваюць… У інтэрнэце ўсё, што папала пішуць. Іншы раз чытаю… Мо ён не зняты яшчэ.

«НН»: «Крэпасць» ёсць у планах паказу, які выкладзеныя ў інтэрнэце. Тое, што ён зняты, не выклікае сумневу.

Міхаіл Драздоў: Так, яго збіраюцца паказваць з 29 кастрычніка…

«НН»: Вы далі дабро?

Міхаіл Драздоў: Ну як я даў дабро? Я не бачыў яшчэ фільма, дакументаў. Мне вось кінапракат даў спіс планаваных да паказу фільмаў, мо яны самі яго яшчэ не бачылі.

«НН»: Дык калі вы будзеце глядзець?

Міхаіл Драздоў: Ну, 29-га і паглядзім.

«НН»: Калі ён ужо выйдзе, тады і паглядзіце? Як так?

Міхаіл Драздоў: Ну так. Раней яго не паглядзіш…

«НН»: У сэнсе, калі ён вам не спадабаецца, то вы яго ўсё ж здымеце? 

Міхаіл Драздоў: Я не гатовы адказаць, гэтыя пытанні трэба было задаваць кінапракату.

«НН»: У вас ёсць паўнамоцтвы спыніць паказ?

Міхаіл Драздоў: Няма ў нас. Мы можам толькі забараніць фільм, калі там заклікі да зрынання існуючага ладу…

«НН»: Яшчэ якія крытэрыі?

Міхаіл Драздоў: Калі там ёсць нейкія сцэны… Ну, расавыя, раса, разумееце? Расавая варожасць. Элементы прапаганды парнаграфіі там…

«НН»: А беларусафобства — гэта не прычына?

Міхаіл Драздоў: Ну калі там будзе расчляненне трупаў, разумееце? Яшчэ гэта можа быць рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні гвалту і жорсткасці. Калі ёсць такія сцэны, то яна можа не раіць гэты фільм да паказу ў кіно.

«НН»: Карацей, калі наша гісторыя і нашы продкі паказваюцца ў негатыўным святле, то гэта не з’яўляецца падставаю для скасавання паказу?

Міхаіл Драздоў: Разумееце, я не магу вам адказаць на гэтае пытанне. Таму што гэты фільм спачатку трэба было паглядзець.

«НН»: Ёсць трэйлер і сюжэт. Давайце вы іх паглядзіце, і я вам праз 10 хвілін набяру? Пасля 29 кастрычніка будзе позна.

Міхаіл Драздоў: Не буду я глядзець, у мяне на гэта часу няма. Ды ў мяне яшчэ і дакументаў няма. Мне далі толькі такую намётку, што гэты фільм плануецца да паказу. Вось, я гляджу — 29 кастрычніка. Яшчэ раз кажу. А ў нас сёння толькі 30 верасня. Мо яго яшчэ здымуць з пракату. І ўвогуле, гэта не да мяне, я дробны чыноўнік, які дзейнічае на падставе дамоваў, дзяржаўнага пракатнага пасведчання. Калі ў вас ёсць засцярогі, то пішыце на імя міністра.

Фільм да паказу плануе УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама. Яны ездзяць на кінарынкі, глядзяць гэтыя фільмы. Мяне ж проста потым інфармуюць, што вось гэта і гэта запланавана. Хаця, сумняюся, можа, як і вы, толькі трэйлеры глядзяць, і… Трэба глянуць сам фільм.

Гістарычная даведка: Маскоўскія войскі захапілі Смаленск у 1514 годзе, у выніку чаго ён амаль на сто гадоў выйшаў з-пад кантролю ВКЛ. Ён вярнуўся ў склад Рэчы Паспалітай у выніку вайны 1609—1611 гадоў. Сярод іншых, сіламі ВКЛ у аб'яднаным войску Рэчы Паспалітай кіраваў выбітны дзяржаўны дзеяч Леў Сапега.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?