Кіраўнік рэгіянальнага аддзялення партыі «Справядлівая Расія» ў Санкт-Пецярбургу Алег Нілаў збіраецца прапанаваць уладам горада назаўсёды забараніць святкаванне Хэлоўіна з-за крушэння расійскага самалёта ў Егіпце, паведамляе РІАН.
«Памяць не павiнна быць разавай. У наступным годзе, 31 кастрычніка, жалобы ўжо не будзе абвешчана. І што? Значыць, гэты шабаш, гэтыя скокі на касцях працягнуцца? Я лічу, у Пецярбургу гэта недапушчальна», — заявіў Нілаў.
Ён ужо накіраваў звароты губернатару Георгію Палтаўчанку і маскоўскаму мэру Сяргею Сабяніну з просьбай забараніць святкаванні ночы перад Днём усіх святых у двух сталіцах.
«Назаўжды буду прасіць забараніць, таму што гэтыя даты на многія-многія дзесяцігоддзі павінны застацца ў памяці. Для таго, каб яны засталіся ў памяці, недапушчальна іх сумяшчаць з такімі шабашамі», — дадаў парламентарый.
Паводле яго слоў, святкаваць Хэлоўін варта забараніць як 30 кастрычніка, напярэдадні Дня ахвяр палітычных рэпрэсій, так і 31 кастрычніка, калі ў Егіпце разбіўся расійскі самалёт.
У той жа час патрыярх Кірыл выказаў здзіўленне тым, што людзі могуць у дзень жалобы святкаваць Дзень усіх Святых у начных клубах, паведамляе МК.
Ён заклікаў памаліцца аб тым, каб «Бог не пакараў гэтых людзей».
«Каб ніякае жаданне зарабіць грошы не давала людзям волі ад усякага маральнага права пераступаць рысу», — адзначыў ён.