Колькі вышэйшых адукацый мае палітык Сяргей Гайдукевіч?

Ананім разаслаў па рэдакцыях незалежных СМІ ліст, у якім сцвярджае, што ў афіцыйный біяграфіі палітыка ўтрымліваецца хлусня.

«Паведамляецца, што ў 1997 годзе ён скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага камерцыйнага інстытута. У правапераемніку дадзенай навучальнай установы паведамілі аб спыненні выдачы дыпломаў у 1992 годзе. Пазней дыпломы прадаваліся на «чорным» рынку. Такім чынам, Сяргей Гайдукевіч здзейсніў падробку і ўвёў у зман Цэнтральную выбарчую камісію. У 2001 годзе і ў наступныя гады Гайдукевіч у біяграфіі паказваў наяўнасць дыплома Маскоўскага камерцыйнага інстытута», — гаворыцца ў лісце.

Ананім адправіў запыт у Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт камерцыі (цяпер уведзены ў склад Расійскага эканамічнага ўніверсітэта Пляханава). Там яму пацвердзілі, што «Гайдукевіч Сяргей Васільевіч у спісах студэнтаў не значыўся».

Як сітуацыю тлумачыць сам Гайдукевіч? Ён кажа, што скончыў Маскоўскі камерцыйны інстытут, але не той, які на слыху ў грамадскасці.

«Памятаеце, у 1990-ыя па тэлебачанні рэкламавалі прыватныя ўніверсітэты? Вось я ў такім вучыўся, чыста для сябе, каб атрымаць веды», — узгадвае ён. Атрымліваецца, што ў Расіі працаваў нейкі самаствораны «Маскоўскі камерцыйны інстытут», які назваўся гэтаксама, як больш аўтарытэтная навучальная ўстанова. Ці мае Гайдукевіч пацверджанне сваёй адукацыі? «Нават сертыфікат у мяне ёсць», — кажа палітык.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 года Гайдукевіч указваў у анкеце сваю дадатковую адукацыю, а пасля перадумаў, маўляў, чаго яму гнацца за колькасцю.

* * *

Сяргей Гайдукевіч

Нар. 8 верасня 1954 у Мінску. Cкончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча Войскаў супрацьпаветранай абароны (1976), Вайсковую камандную акадэмію войскаў супрацьпаветранай абароны (1991).

У 1976—1991 служыў ва Узброеных сілах СССР, у тым ліку ў складзе групы вайсковых спецыялістаў у Іраку (1982—1983). У 1991—1992 — вядучы спецыяліст ва Упраўленні нацыянальнай бяспекі Дзяржаўнага сакратарыята, у 1992—1994 — старшыня камітэта па сацыяльнай абароне сілавікоў.

Ад 1995 — кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Кандыдат у прэзідэнты (2001, 2006). У 2010 зняў кандыдатуру падчас збору подпісаў. Дэпутат палаты прадстаўнікоў (2004—2008).

Жанаты, мае дваіх сыноў і дачку.

* * *

Чытайце таксама:

Сын у Германіі, дачка ў Аўстрыі: гісторыя жыцця і сямейная драма вечнага кандыдата Сяргея Гайдукевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?