Дзяржаўная дума РФ прыняла законапраект, які дае Канстытуцыйнаму суду Расіі права прызнаваць немагчымым выкананне ў краіне рашэнняў міжнародных судоў. Пакет паправак у федэральны закон «Аб Канстытуцыйным Судзе РФ» быў прыняты адразу ў другім і трэцім чытанні.
У першым чытанні папраўкі былі ўхваленыя тры дні таму.
Прыняты Думай законапраект паводле задумы аўтараў павінен «забяспечыць прававы суверэнітэт» Расіі і «супрацьстаяць тэндэнцыйным рашэнням» міжнародных судоў.
Адзін з аўтараў паправак, адзінарос Уладзімір Плігін, настойвае, што папраўкі не ставяць пад пытанне пазіцыю Расіі датычна выканання міжнародных абавязацельстваў. «Уся наша дзейнасць накіраваная на выкананне міжнародных дамоваў», — цытуе Плігін агенцтва Інтэрфакс.
Супраць прыняцця законапраекта прагаласавалі трое дэпутатаў. «Супраць былі я, (Сяргей) Пятроў і (Ілья) Панамароў (дакладней, яго картка ў маёй руцэ на падставе даверанасці)», — напісаў у «Фэйсбуку» член фракцыі «Справядлівая Расія» Дзмітрый Гудкоў па выніках галасавання. За дакумент прагаласавалі 436 дэпутатаў.
У сярэдзіне ліпеня Канстытуцыйны суд РФ пастанавіў, што Расія можа не выконваць рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека, калі пры гэтым парушаюцца асноўныя канстытуцыйныя нормы.
У чэрвені больш за 90 дэпутатаў Дзярждумы звярнуліся ў Канстытуцыйны суд па тлумачэнні пра тое, як павінны прымяняцца ў Расіі рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека.
Месяцам раней у міністэрстве юстыцыі Расіі заявілі, што лічаць заўчасным выкананне пастановы ЕСПЧ, згодна з якім Расія павінна выплаціць былым акцыянерам ЮКАСа 1,86 млрд даляраў.