Ноччу 2 студзеня хлопец спрабаваў здаць у абменны пункт на чыгуначным вакзале ў Віцебску падробленую банкноту наміналам 50 даляраў ЗША.
Яна была выраблена з пяцідаляравай купюры, на якую даклеілі лічбу «50» і надпіс «FIFTY DOLLARS». У той жа час на купюры заставаўся партрэт Лінкальна замест неабходнага Гранта.
Распазнаўшы падробку, касір выклікала міліцыю. Супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў на транспарце затрымалі 22-гадовага хлопца, які спрабаваў абмяняць фальшыўку.
Затрыманы сцвярджае, што гэтай банкнотай яму вярнулі частку доўгу і пра тое, што купюра фальшывая ён не падазраваў. Распачата крымінальная справа па частцы 1 артыкула 221 КК (выраб або захоўванне з мэтай збыту падробленай афіцыйнай грашовай адзінкі).
Выяўленая фальшыўка ўяўляе сабой сапраўдны рарытэт, паколькі такі спосаб фальсіфікацыі існаваў у 90-я, а ў XXI стагоддзі фальшываманетчыкі ў асноўным выкарыстоўваюць сучасную камп'ютарную тэхніку, паведамляецца ў прэс-рэлізе УУС Віцебскага аблвыканкама.