У 2015 годзе не выкананыя пяць з дзевяці найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця — па росце ВУП, прадукцыйнасці працы, экспарту і рэальных даходаў насельніцтва, а таксама па аб'ёме будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 20 лютага на пасяджэнні Савета міністраў.

Кіраўнік урада зазначыў, што 2015 год прадэманстраваў высокую залежнасць эканомікі Беларусі ад знешняй кан'юнктуры сыравінных рынкаў, што шмат у чым і вызначыла вынік яе працы, паведамляе прэс-служба ўрада.

«У першую чаргу, нам не ўдалося забяспечыць запланаваную дынаміку ў галінах і эканоміцы ў цэлым, — заявіў Кабякоў. — У параўнанні з узроўнем 2014 года зніжаныя аб'ёмы прамысловай вытворчасці, будаўніцтва, сельскагаспадарчай вытворчасці, гандлю».

У сувязі з гэтым ёсць сур'ёзныя пытанні да працы галіновых міністэрстваў, падкрэсліў прэм'ер. Па выніках 2015 года Мінбудархітэктуры выкананы толькі адзін з 14 даведзеных паказчыкаў, Мінпрамам — 2 з 12, Мінсельгасхарчам і канцэрнам «Беллеспаперапрам» — 2 з 10. Канцэрн «Беллегпрам» не выканаў ні аднаго прагнознага паказчыка.

Падобная сітуацыя і ў рэгіёнах. Толькі Магілёўская вобласць выканала палову даведзеных паказчыкаў. «У астатніх абласцей і Мінска і гэтага няма, Гродзенская вобласць забяспечыла выкананне толькі чвэрці паказчыкаў», — заявіў Кабякоў.

Як паведаміў прэм'ер, па выніках года ў Беларусі выкананыя паказчыкі па індэксе спажывецкіх цэн, энергаёмістасці ВУП, рэнтабельнасці продажу ў прамысловасці, знешнегандлёвым сальда да ВУП.

Перш за ўсё, адзначыў Кабякоў, забяспечаны збалансаваны знешні гандаль — станоўчае сальда склала 205 млн даляраў ЗША. «Такіх вынікаў у сучаснай гісторыі са станоўчым сальда было да 2015 года два — у 2005 і 2012 годзе», — нагадаў ён.

Палепшаны плацежны баланс краіны — дэфіцыт рахунку бягучых аперацый плацежнага балансу за 11 месяцаў 2015 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года скараціўся прыкладна на 2,4 млрд даляраў ЗША — з 5,8 да 3,1% ВУП. «Гэта таксама вельмі добры якасны вынік», — падкрэсліў ён.

Паводле яго слоў, жорсткая манетарная палітыка, гнуткае курсаўтварэнне, кантроль над грашовай прапановай дазволілі ўтрымаць інфляцыю ў запланаваных межах: рост цэн не перавысіў 12%, гэта мінімальнае значэнне за апошнія пяць гадоў. Таксама, лічыць Кабякоў, забяспечана стабільнасць на спажывецкім рынку. «Няхай і павольна, але адначасова са зніжэннем інфляцыі знізіліся і працэнтныя стаўкі па крэдытах, — канстатаваў ён. — Пакуль недастаткова, але тым не менш, за год стаўку па новых крэдытах у нацыянальнай валюце без уліку льготных знізілі практычна на 10 працэнтных пунктаў — з 43,5% гадавых у студзені 2015 года да 34,2% гадавых у студзені 2016 года». Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што задача па зніжэнні працэнтных ставак па новых крэдытах працягвае заставацца адной з самых актуальных у эканоміцы краіны.

Кабякоў таксама нагадаў, што прафіцыт кансалідаванага бюджэту за 2015 год склаў 1,8% ВУП.

Паводле слоў прэм'ера, у пачатку 2016 года знешнія рынкі працягваюць сціскацца, нафта зноў упала ў кошце, а следам за ёй дэвальвуюцца і нацыянальныя валюты асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі, што не можа не адбіцца на ўзаемным гандлі. У такіх умовах, адзначыў прэм'ер, захоўваецца агульная тэндэнцыя — зніжэнне попыту на складанатэхнічную, інвестыцыйную прадукцыю на традыцыйных для Беларусі рынках.

«У выпадку захавання гэтых тэндэнцый на працягу 2016 года мы будзем змушаныя рабіць энергічныя крокі па бюджэтнай кансалідацыі, — заявіў ён. — Пакуль, як я ўжо казаў, бягучы разрыў фінансавання бюджэту ацэньваецца ў 38,6 трлн. рублёў, таму мы сур'ёзна перагледзелі бягучыя капітальныя расходы бюджэту, у сувязі з гэтым чакана ў студзені аселі аб'ёмы будаўніча-мантажных работ — 81,5% і інвестыцыі ў асноўны капітал — 80,7%».

«Тым не менш, нас ніхто не вызваляў ад выканання нарматыўных прадпісанняў указа прэзідэнта № 504 аб выкананні найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016 год», — падкрэсліў Кабякоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?