Еўрапейскі вяшчальны саюз — арганізатар «Еўрабачання» — не знайшоў палітыкі ні ў назве, ні ў тэксце песні ўкраінскай спявачкі Джамалы, якая выступіць на конкурсе. Пра гэта ён паведаміў у Twitter.
Адзін з карыстальнікаў сацсеткі задаў саюзу пытанне пра палітычны падтэкст у назве песні, на што той адказаў: «Эксперты прыйшлі да высновы, што назва і тэкст песні не ўтрымліваюць палітычнага кантэксту і не парушаюць правілаў «Еўрабачання».
Пры гэтым карыстальнік Twitter нагадаў пра выпадак армянскай групы Genealogy, якая ў мінулым годзе для выступу на «Еўрабачанні» вымушана была змяніць назву песні з «Do not Deny» на «Face the Shadow», бо ў ёй угледзелі намёк на адмаўленне генацыду армян.