У Бярозаўскім раёне 16 сакавіка здарыўся пажар у машынным аддзяленні электравоза пасажырскага цягніка № 607 Мінск — Брэст.

Як паведаміў прэс-сакратар Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў, інфармацыя аб здарэнні каля вёскі Кабакі на перагоне паміж чыгуначнымі станцыямі Бяроза-Картузская і Аранчыцы ў 16.58 паступіла бярозаўскім ратавальнікам.

Загаранне ліквідавана супрацоўнікамі чыгункі вуглекіслотнымі вогнетушыцелямі да прыбыцця да месца выкліку падраздзяленняў МНС. Пацярпелых няма. Агнём пашкоджана электраправодка ў блоку сілавых установак электравоза.

Пасажырскі цягнік у складзе шасці вагонаў належыць Беларускай чыгунцы. У цягніку знаходзіліся 283 пасажыры і 13 чалавек абслуговага персаналу (12 праваднікоў, начальнік цягніка).

У 17.20 да месца спынення цягніка быў накіраваны манеўровы цеплавоз. У 17.55 састаў разам з пасажырамі паехаў да станцыі прызначэння Брэст-Цэнтральны.

Затрымка руху цягніка склала 80 хвілін. Спыненне электрацягніка не парушыла руху іншых саставаў у гэтым кірунку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?