РГА «Перспектыва» адмаўляюць у арэндзе залаў для правядзення эканамічнага форуму прадпрымальнікаў, паведаміў БелаПАН старшыня савета аб'яднання Анатоль Шумчанка.

Ён сказаў, што вёў перамовы з менеджарамі гатэля «Беларусь» аб арэндзе залы 16 мая. «Там адмовілі. Спаслаліся на тое, што дырэктар катэгарычна супраць. Маўляў, былі тэлефанаванні з Мінгарвыканкама адносна апошніх форумаў. Нешта ім не спадабалася», — адзначыў кіраўнік «Перспектывы».

Тады Шумчанка звярнуўся да кіраўніцтва камунальнай гасцініцы «Вікторыя», прадстаўніца якой пагадзілася даць у арэнду кангрэс-хол і папрасіла прывезці гарантыйны ліст. «Сёння раніцай я прывёз ліст, растлумачыў, што форум носіць эканамічны фармат. Потым мне патэлефанавалі і паведамілі: Мінгарвыканкам сказаў катэгарычна «не», — адзначыў кіраўнік прадпрымальніцкага аб'яднання.

Тэма форуму — «Прадпрымальнікі і ўлада: адкрыты дыялог па ўмацаванні і развіцці даверу». «Незразумела, на якой падставе гарвыканкам ўмешваецца ў нашы справы. Мы, вядома, разумеем, у якой дзяржаве жывем. Міжнародную грамадскасць улады запэўніваюць у тым, што ў нас дэмакратыя. Але і мы на плошчу не ідзем, ідзем у залу. Нас і адтуль гоняць. Незразумела, чаму з-за меркавання нейкага чыноўніка гатэлі не хочуць зарабляць, даючы ў арэнду залу», — абурыўся Шумчанка.

Ён паспрабаваў атрымаць растлумачэнні ў Мінгарвыканкаме, дзе яму паабяцалі патэлефанаваць.

«Мы хочам давесці да ўладаў думку, што наш форум мае выключна эканамічны фармат. Мне здаецца, што сёння трэнд на дыялог з уладай павінен быць выгадны ўсім бакам. Тыя, хто ўстаўляюць палкі ў колы, альбо не зразумелі, альбо не перастроіліся ў рэаліі, у якіх апынулася наша краіна», — зазначыў Шумчанка.

Паводле яго слоў, форум будзе праведзены ў любым выпадку. «Але я ўсё роўна высветлю, хто мае дачыненне да адмоў. Лічу, што разумны сэнс пераможа», — рэзюмаваў актывіст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?