Нумар мабільнага тэлефона старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, грошы на балансе якога былі арыштаваныя судовым выканаўцам, разблакаваны. Пра гэта палітык паведаміў БелаПАН.
Лябедзька не мог карыстацца мабільным тэлефонам з 29 сакавіка. Грошы на балансе нумара мабільнага тэлефона былі арыштаваныя ў сувязі з наяўнасцю штрафаў за ўдзел у не санкцыянаваных уладамі вулічных акцыях.
«У нармальнай сітуацыі я быў бы павінен прыцягнуць іх да суда. Яны мне выставілі рахунак за акцыі, якія былі аплачаныя яшчэ восенню мінулага года», — заявіў Лябедзька.
Паводле яго слоў, судовыя выканаўцы не мелі права арыштоўваць грошы на тэлефонным рахунку, а таксама аўтамабіль, гараж.
Пры гэтым Лябедзька паведаміў, што пакуль не атрымаў адпаведных апавяшчэнняў аб зняцці арышту са сваёй маёмасці. «Але дэ-факта па тэлефоне арышт знялі. Спадзяюся, замарожаныя і іншыя дзеянні з боку ўладаў», — сказаў ён.
«Напэўна, яны самі паднялі буру, а потым выявілі ў сваіх паперах, што штрафы былі аплачаныя, таму і пачалі згортваць сваю актыўнасць у дачыненні да мяне», — дадаў Лябедзька.