адказ на: Беларуская вёска як самы антыбеларускі элемент

* * *

«І што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў тваім воку не адчуваеш?»

1. Праблема ўспрымання «беларушчыны», у якасці крытэра якой разглядаю Купалаў верш «Ворагам беларушчыны», у нашым грамадстве ляжыць далёка не ў «вёсцы» як прасторы, а на ўзроўні мыслення ў глыбока закладзеных стэрэатыпах, кшталту «калгаснай мовы» і «калхознік». На жаль, мы самі працягваем іх культываваць, коўзаемся ў іх, быццам брудзе ўласнай недасканаласці, замест таго, каб напоўніць іх новым змесцівам.

2. Беларуская традыцыйная культура – гэта перш за ўсё культура, прастора якой – «вёска», а галоўны герой – «селянін». Час змяніўся, успрыманне тэкстаў змянілася. Класіка згубіла прыцягальнасць праблемаў душэўнага змесціва чалавека, і ўспрымаецца толькі праз форму. Сёння далёка не кожны будзе шукаць глыбокі падтэкст, напрыклад, актуальнага і сёння купалаўскага «Мужыка» пачатку ХХ стагоддзя. У моладзі новыя героі, якія былі сфармаваныя ў асяроддзі «горада», «вуліцы», цяпер «сеціва». Месца вёсцы ў гэтай сістэме каардынат не засталося.

3. Менавіта «горад» з’яўляецца згубным для «вёскі», якая не ў стане выйграць у яго канкурэнцыю за моладзь. «Горад» асацыюецца з пэўнымі «выгодамі», цікавым баўленнем часу, пэўнай палёгкай у ладзе жыцця і занятках. На жаль, гэтыя стэрэатыпы працягваюць культывавацца, застаючыся прыцягальнымі для падрастаючага пакалення. Дзяржава не ў стане з імі змагацца, нават коштам арганізацыі аграгарадкоў, таму працэс урбанізацыі працягваецца.

4. Частка моладзі, якая накіроўваецца ў горад за «лепшым жыццём», загадзя рыхтуецца да адмаўлення сваёй «вясковай» ідэнтычнасці, сваіх каранёў, паколькі лічыць, што новы гарадскі асяродак – гэта антонім таго, дзе яны гадаваліся папярэдне. Але ў гэтым плане малады чалавек дзейнічае ў адпаведнасці з той мэтай, якая закладалася ў яго з маленства – «выбіцца ў людзі».

5. Вясковая моладзь – гэта перш за ўсё «пасіянарыі», якія імкнуцца праз самарэалізацыю дасягнуць пэўнага сацыяльнага статусу. І тут не справа ў інтэлектуальных або фізічных здольнасцях. Гэта на ўзроўні характару. Ім увесь час неабходна даказваць, што яны чагосьці вартыя ў новым для іх асяродку, дзе ў стане разлічваць толькі на сябе. Далучыцца і быць «актывістам» якой арганізацыі, кшталту БРСМ, прафкама, або каманды – гэта, насамрэч, важная праява сацыялізацыі і выпрабаванне ўласных здольнасцяў, першая прыступка на кар’ерным шляху. Што ў гэтым дрэннага? Наадварот.

6. На ўспрыманні «беларушчыны» згубна сказаліся адносіны ў нашым грамадстве ў 1990-я гады, калі «беларуская мова» пачала асацыявацца як прыкмета «апазіцыянера». На жаль, гэты стэрэатып да сёння існуе ў грамадстве і з’яўляецца вельмі згубным для яго. Але ў вёсцы ўсё роўна застаецца «свая» мова.

7. Беларусь будзе існаваць да таго часу, пакуль будзе існаваць беларуская вёска.

Для «горада» беларушчына – гэта толькі трэнд, мода пэўнай колькасці гараджан, у іх імкненні чымсьці заняць вольны час, які б у вёсцы займалі, напрыклад, працаю на гародчыку. І далёка не заўсёды дэманстратыўная беларушчына з’яўляецца паказальнікам сапраўднай. У той час як у вёсцы людзі ў большасці выпадкаў нават не задаюцца такім пытаннем, працягваючы размаўляць па-свойму, працаваць для таго «каб не было вайны» і проста жыць.

P.S. А «нянавісць» да беларушчыны, пра якую казаў Антось Звычайны – гэта занадта моцнае слова, каб яго адчуваць насамрэч. Як і пазнакі «большасць вясковай моладзі» vs. «значная колькасць гарадской моладзі». Усё гэта вельмі суб’ектыўна. І як бы хто не казаў у горадзе, большасць беларускамоўных школ сканцэнтравана менавіта ў вёсцы. І дзякуючы ім вядзецца праца на карысць «беларушчыны». Як і дзякуючы Дзяржаве, якая асабліва ў апошнія гады актыўна працуе ў дадзеным накірунку. 

Нашая гісторыя вучыць нас толькі аднаму – мы заўсёды знаходзім вінаватых у нашай уласнай недасканаласці. На нашым цемячку ад самага нараджэння маецца адзнака дамоклавага мяча, якая прымушае нас лічыць сябе горш за іншых. Калі ж мы навучымся перш за ўсё параўноўваць сябе з самімі сабою, а ўжо пасля з іншымі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?