Мянчук Андрэй Бурдзянкоў працуе гідам-­перакладчыкам. Працуе з замежнай аўдыторыяй, на жаль, як сам кажа, вельмі малалікай. Адна з самых цікавых груп, зь якой яму даводзіцца працаваць – гэта нашчадкі ўраджэнцаў Беларусі, якія хочуць пазнаёміцца зь зямлёй продкаў. У 2011 ён дапамагаў госьцю з Аўстраліі шукаць магілы сваіх дзядоў у вёсцы Налібакі ў Стаўбцоўскім раёне.

Андрэй Бурдзянкоў: Могілкі тады былі ў даволі кепскім стане: там ляжалі дрэвы, усё было ў кустоўі. Мы шукалі вельмі доўга, і праз два тыдні выявілася, што яго бацька пазнаў адну з надмагільных плітаў. Гэта была магіла яго бабулі. І пакуль мы хадзілі й шукалі, то я падумаў, што калі мы ў цэнтры Эўропы, то ў 21 ст. пошук магілаў павінен адбывацца інакш.

Так у Андрэя нарадзілася ідэя аблічбоўкі надмагільных пліт.

У Беларусі робяцца пераважна сьпісы памерлых, а ён вырашыў пайсьці далей, каб дапамагчы людзям імгненна знаходзіць пахаваньні сваіх продкаў.

Пачаў ён з налібацкіх могілак, якія ўразілі яго сваёй сваёй сьціпласьцю, прыгажосьцю й элегантнасьцю. У Налібаках ён пабываў 20 разоў. Некалькі начэй начаваў на паркоўцы ў машыне, а раніцай працягваў аблічбоўваць.

Андрэй Бурдзянкоў: Адмыслова зробленая праграма для «Андроіда» засякае каардынаты GPS і паказвае дакладнасьць у мэтрах. Каб дадаць на карту надмагільныя пліты, трэба стварыць там могілкі.

Кожную пліту трэба фатаграфаваць і засякаць. У бясплатным дадатку, зь якога я пачынаў каардынаты кожнай пліты, потым трэба было наносіць уручную.

Днямі Андрэй завяршае тэставаньне ўласнага прыкладаньня, якое ён распрацаваў разам са знаёмымі. Яно дазваляе любому чалавек, які ўмее трымаць у руках смартфон, засекчы каардынаты GPS і зрабіць здымак надмагільнай пліты. Здымкі рабіць ня так проста як можа здавацца. Найперш неабходнае ідэальнае сонца. Шмат клопатаў робіць мох і плесень на плітах. Змагацца з гэтым Андрэю дапамагае адмысловае амэрыканскае рэчыва, якое ня шкодзіць самой пліце або каменю, але ачышчае яго ад бруду. Два галёны (7,4 літра) гэтага рэчыва разам дастаўкай з ЗША каштуе ажно 120 даляраў.

Апрача функцыі пошуку пахаваньня на сайце можна зарэгістравацца й пакінуць у выглядзе ПІНа ў сваіх населеных пунктах на карце googlemaps пытаньне й чакаць адказу ад мясцовага краязнаўца ці проста мясцовага жыхара. На сайце будзе таксама створаны форум і дададзеныя некаторыя інструмэнты па архівах

Андрэй Бурдзянкоў: Могілкі – гэта карціна й адлюстраваньне нашага грамадзтва. Для многіх гэта зьвяно, якое злучае іх з продкамі. У Пінску мы аднойчы дапамаглі знайсьці магілу адной спадарыні з Канады за 5 хв. Гэта яшчэ адзін аргумэнт стварыць сайт і павялічыць шанцы. Карціна была вель кранальная. Яна правярала дадзеныя на пліце й прыглядалася да пахаваньня сваіх прадзедаў.

Была цікавая сытуацыя, калі адзін чалавек прыехаў у родную вёску праз 70 гадоў. Там згарэла царква, а каля яе былі могілкі. І вось праз 70 гадоў адзінай магілай, якая там засталася, была магіла яго дзеда. І мясцовая жыхарка сочыць за ёй, дбае пра яе.

У сайта graves.by падобная мэта. Я хачу дапамагчы людзям знайсьці свае карані.

Цяпер Андрэй Бурдзянкоў аблічбоўвае могілкі ў Пінску й Горадні. У будучыні ён марыць пашыраць маштаб праекта, прыцягнуўшы да працы новых людзей.

Падтрымаць праект graves.by можна праз краўдфандынгавую плятформу.

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?