Насельніцтва Беларусі падтрымлівае ранейшы ўзровень спажывецкіх расходаў за кошт назапашаных валютных зберажэнняў. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Беларусі Дзмітрый Мурын, выступаючы 2 чэрвеня ў Мінску на семінары, арганізаваным Даследчым цэнтрам ІПМ.

«Пры істотным зніжэнні даходаў насельніцтва захоўвае сваю звычку да спажывання. Мы бачым, што рэальныя даходы насельніцтва скараціліся больш, чым расходы», — канстатаваў Мурын.

Паводле яго слоў, імкненне грамадзян падтрымліваць выдаткі за кошт зберажэнняў можна бачыць па сітуацыі, якая складваецца на дэпазітным і валютным рынку. «Працягваецца скарачэнне аб`ёму валютных дэпазітаў насельніцтва і павялічваецца памер замежнай валюты, якую насельніцтва прадае. Кожны месяц насельніцтва прадае на 200 млн. долараў больш, чым купляе», — зазначыў прадстаўнік Нацбанка.

Ён звярнуў увагу на тое, што на продаж насельніцтва накіроўвае ў тым ліку тыя валютныя сродкі, якія не захоўваліся ў банках. «Сярэднямесячны адток валютных укладаў — 100 мільёнаў долараў, а продаж — 200 мільёнаў долараў. Такім чынам, яшчэ 100 мільёнаў долараў насельніцтва дастае, як у нас кажуць, з-пад матраца і траціць на бягучае спажыванне», — сказаў Мурын.

Пры гэтым ён даў зразумець, што верагоднасць павышэння даходаў насельніцтва з улікам складанага фінансавага становішча прадпрыемстваў малая. Згодна з майскім апытаннем Нацбанка, арганізацый, якія паведамілі пра зніжэнне попыту на сваю прадукцыю, аказалася на 25% больш, чым тых, якія такой праблемы не назіраюць. «Зніжэнне попыту на прадукцыю арганізацый прыводзіць да таго, што мы бачым сёння павелічэнне колькасці стратных прадпрыемстваў і рост закрэдытаванасці суб`ектаў гаспадарання», — падкрэсліў Дзмітрый Мурын.

Ён звярнуў увагу на тое, што запазычанасць прадпрыемстваў па крэдытах сёння практычна ў чатыры разы перавышае іх выручку. «Фінансавае становішча прадпрыемстваў стварае рызыкі для банкаў, праблемныя актывы якіх павялічваюцца», — рэзюмаваў прадстаўнік Нацбанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?