Сёння 16-я гадавіна знікнення беларускага тэлеаператара, супрацоўніка Грамадскага расійскага тэлебачання (ОРТ, цяпер — Першы канал) Дзмітрыя Завадскага. На момант знікнення яму было 27 гадоў.

З 1994 па 1997 год Завадcкі працаваў у аператарскім пуле Аляксандра Лукашэнкі, затым стаў працаваць на ОРТ. Вясной 1997 года ён разам з карэспандэнтам ОРТ Паўлам Шараметам быў арыштаваны і абвінавачаны ў незаконным перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы падчас здымак рэпартажу, яго ўмоўна асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі. З кастрычніка 1999 года па май 2000-га Завадскі працаваў у Чачні, дзе з Шараметам здымаў фільм «Чачэнскі дзённік».

Раніцай 7 ліпеня 2000 года Завадскі выехаў з дому ў Нацыянальны аэрапорт Мінск сустракаць Шарамета, які прылятаў з Масквы. З таго часу аператара ніхто не бачыў. Яго аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.

У 2002 годзе Мінскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданні Завадскага групу былога байца спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча, які сустракаўся з Завадскім ў Чачні. Ігнатовіч, а таксама прызнаны вінаватым у выкраданні Максім Малік асуджаныя на пажыццёвае зняволенне. Былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза і беспрацоўнага на той момант Сяргея Савушкіна, якія таксама праходзілі падазраванымі па гэтай справе, у выніку прызналі вінаватымі ва ўчыненні іншых злачынстваў і асудзілі на 25 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму адпаведна.

27 лістапада 2003 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў Завадскага памерлым, хоць цела яго не было знойдзена ні тады, ні цяпер. У сакавіку 2004 года пракуратура прыпыніла расследаванне справы аб выкраданні Завадскага «ў сувязі з неадшуканнем без вестак зніклай асобы». У 2005 годзе расследаванне было адноўлена, але ў красавіку 2006-га зноў прыпынена.

У пачатку 2000-х гадоў былі апублікаваныя дакументы, з якіх вынікала, што з апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі актывістамі расправіўся спецыяльна створаны для гэтага «эскадрон смерці». Сярод датычных да выкраданняў згадваўся былы кіраўнік МУС Юрый Сівакоў. Па гэтай прычыне яму, як і шэрагу іншых беларускіх чыноўнікаў, быў забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза.

Увесну гэтага года Святлана Завадская двойчы звярталася ў Следчы камітэт па інфармацыю пра крымінальную справу, звязаную з выкраданнем яе мужа. Яна таксама прасіла СК даць ёй копіі дакументаў па справе, якія неабходны для абскарджання дзеянняў або бяздзейнасці органаў крымінальнага пераследу. У адказ на гэта прашэнне ў Следчым камітэце ёй заявілі, што вытворчасць па крымінальнай справе, звязанай з выкраданнем Завадскага, прыпынена і закон не прадугледжвае права пацярпелага атрымліваць копіі працэсуальных дакументаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?