Здарылася! На нарадзе ў Берасці 8—10 снежня 1409 г. Ягайла і Вітаўт прынялі план летняй кампаніі наступнага году супраць Нямецкага ордэну.

Лакальныя сутычкі, дыпламатычныя перапынкі застаюцца ў мінулым — хаўруснікі поўныя рашучасці на сваю карысць вырашыць даўняе супрацьстаянне. Такім чынам, былі абмеркаваныя асноўныя пытанні выправы: руху войскаў, іх злучэння, і галоўнае — вырашана было прымусіць Ордэн даць генеральную бітву ў полі, карыстаючыся значнай колькаснай перавагай польска-ліцвінскага войска.

Нямецкі вайсковец і гісторык Макс Элер у пачатку ХХ ст. вельмі высока ацэньваў сам стратэгічны план выправы. У юбілейны 1910 г. ён пісаў, што рух войскаў ВКЛ і Польшчы на Грунвальд «абуджае здзіўленне сваёй спланаванасцю».

Сама ідэя ўдарыць у сэрца Ордэну, на Мальбарк, моцна адрозніваецца ад звычайнай для тых часоў тактыкі рабаўнічых нападаў на памежныя замкі. Ягайла і Вітаўт выправілася на вайну, маючы перад сабой сапраўды стратэгічныя задачы.

Падрыхтоўка

Адразу пасля нарады Вітаўт загадаў, каб кожны ваяр, пешы ці конны, меў з сабой правіянт.

У маі 1410 г. вялікі князь удакладніў — вайсковая экспедыцыя разлічаная на пяць тыдняў, і менавіта на гэты тэрмін вайсковец мусіў мець харчы.

У Белавежскай пушчы пачаліся вялікія паляванні на зуброў і дзікоў. Сведкі прыгадваюць, што кожнае паляванне давала 50 бочак салёнага і сушанага мяса. Прыпасы звозіліся і сплаўляліся па Вісле да польскага Плоцку.

Усю вясну Вітаўт правёў у раз’ездах. Пад Слонімам вялікі князь ледзьве не трапіў у рукі нямецкіх рыцараў — вялікі маршал Ордэну здзяйсняў рэйд у бок Берасця ды спаліў Ваўкавыск.

Пераправа

З Трокаў Вітаўт рушыў са сваімі аддзеламі 3 чэрвеня.

Яшчэ раней у паход выправілася артылерыя Вялікага Княства. Усё ліцвінскае войска злучылася 26 чэрвеня на Падляшшы на рацэ Нараў.

З Поўначы прыйшлі харугвы Цэнтральнай Літвы і Жамойці, падышлі харугвы з русінскіх земляў ВКЛ, а таксама татары.

3 ліпеня ўжо на Вісле пад Чэрвіньскам, ніжэй Варшавы, Вітаўт злучыўся з Ягайлам.

Дзеля гэтага яшчэ на Берасцейскай нарадзе 1409 г.

было вырашана збудаваць грандыёзны пантонны мост. Шырыня Віслы тут даходзіла да 500 м.

Часткі мосту былі сплаўленыя па рацэ і літаральна за паўдня сабраныя вышэй Чэрвіньску. Як сцвярджае храніст Ян Длугаш, падчас пераправы панаваў ідэальны парадак: пры ўваходзе на мост Ягайла паставіў адборны аддзел узброеных рыцараў, каб пазбегнуць тлуму і цісканіны.

На канцах мосту былі пастаўленыя магутныя бэлькі, званыя «кабылянамі», — каб ніхто неарганізавана не змог наблізіцца да берагоў. Войска ўваходзіла на мост роўнымі шыхтамі, разам з гарматамі і амуніцыяй. Тое, што мост быў пантонны і меў шмат рухомых апораў на чаўнах, дазваляла пазбегнуць эфекту рэзанансу падчас размеранага руху войска. Пасля пераправы мост «на чаўнах» быў разабраны і зноў сплаўлены да Плоцку.

У чацвер, 3 ліпеня, войскі рушылі проста да прускай мяжы. У першы дзень удалося прайсці звыш 30 км. На наступны дзень войскі пераадолелі меншую адлегласць.

5 ліпеня ў польска-ліцвінскім абозе з’явіліся «міжнародныя назіральнікі» — паслы венгерскага караля Жыгімонта.

Ягайлу ўжо не было чаго хаваць, і Вітаўт наладзіў урачысты агляд наяўных узброеных сілаў.

Як пішуць храністы, «паводле старшых продкаў звычаю», падзяліў ён войска на гуфы і харугвы. Харугваў тых, не лічачы татараў, было сорак.

Вялікі князь раздаў кожнай харугве свае знакі і распарадзіўся, «каб кожныя харугва і гуф пільнаваліся знаку і слухалі загадаў». 6 ліпеня, у нядзелю, пасля ўрачыстага раздавання штандараў, усё ліцвінскае войска прамаршыравала перад Ягайлам і Вітаўтам.

Абоз

Далей войска мусіла ісці з вялікімі стаянкамі, бо іначай абозы безнадзейна адсталі б.

Апроч правіянту, гармат і ядраў да іх войска везла з сабой запасы зброі і вопраткі. Заможнейшыя мелі намёты ды кухоннае начынне. На сваіх баявых конях рыцары везлі толькі зброю.

Тагачаснай найменшай вайсковай адзінкай было кап’ё, якое складалася з трох чалавек (рыцара з дзідай і мячом, збраяносца і стральца з лукам ці арбалетам) і чатырох коней (адзін — падменны, на ім рыцар ехаў падчас пераходаў). На кожнае кап’ё прыпадаў як найменей адзін воз з запасамі.

Заможныя паны мелі свой уласны абоз.

Калі прыняць пад увагу колькасць аб’яднанага войска ў 29 000 конных і 10 000 пяхоты, дык абоз мусіў складацца прынамсі з 10 000 вазоў.

Трэба дадаць сюды вазы з гарматамі і ядрамі, з прыладамі да аблогі, вазы рамеснікаў, канцылярскія вазы і вазы лекараў…

Гэта дае яшчэ прынамсі 500 вазоў.

Такая калона мусіла б расцягнуцца на 84 км,

даючы 8 м на адну запрэжку, як гэта падлічыў польскі гісторык Стэфан Кучыньскі. Каб прывесці ў рух такую аграмадзіну, патрабавалася некалькі гадзінаў, а пераправа праз раку доўжылася суткі ці двое.

Пакаранні

Падчас руху такой колькасці войска здараліся, вядома, інцыдэнты.

Начамі з табару выходзілі «валанцёры» і нападалі на навакольныя паселішчы. Храніст Длугаш вінаваціць у гэтых нападах найперш татараў, а таксама ліцвінаў, якія не арыентаваліся, дзе землі польскага караля, а дзе прускіх немцаў.

Хоць сучасныя гісторыкі мяркуюць, што прынамсі частка нападаў рабілася з санкцыі караля.

Але ж былі і выпадкі сапраўды гвалтаў. Ужо на ордэнскай тэрыторыі, пад Лідзбаркам, калі войска стаяла табарам паміж азёрамі, жаўнеры захапілі і спустошылі мястэчка. Быў парабаваны і касцёл. Дзеялася гэта насуперак загадам.

Пасля кароткага следства Вітаўт загадаў дваім асуджаным ліцвінам паставіць сабе шыбеніцы і самім жа павесіцца ў прысутнасці ўсяго рыцарства.

Пасля гэтага ваяры асцерагаліся рабаваць. Без каралеўскага загаду, прынамсі.

Апошняя ноч

Так ці інакш, 13 ліпеня польска-ліцвінскае войска падышло за паўмілі да замку Дуброўна. Як звычайна, сталі табарам ля возера. Дзень быў спякотны.

Пасля штурму замка і горада ў рукі хаўруснікаў трапіла вялікая здабыча. Трэба было адпачыць пасля бітвы, а жаўнеры таксама жадалі ўпарадкаваць абоз, наладаваўшы яго трафеямі. Ноч з 13 на 14, а таксама дзень 14 ліпеня польска-ліцвінскае войска правяло пад Дуброўнай. Перад заходам сонца кароль загадаў выступаць на наступны дзень.

Войска пайшло адпачываць раней, чым звычайна. І праз некалькі гадзін, у ноч з 14 на 15 ліпеня, рушыла ў кірунку мястэчка Грунвальд, побач з якім стаяла войска Ордэну. Новы дзень стаў днём бітвы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0