Бліжэйшым часам чакаюцца новыя прызначэнні ўнутры беларускага дыпламатычнага корпусу. Па звестках «Нашай Нівы», намесніца міністра замежных справаў Алена Купчына адправіцца паслом у Вену.
Гэтую інфармацыю пацвердзіў міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.
Алена Купчына спрабавала нармалізаваць беларуска-еўрапейскія адносіны.
«Гэта не сакрэт, Купчына ўжо развітваецца паціху з усімі ў Беларусі. Наколькі вядома, яна ўжо нават атрымала агрэман [згоду краіны на прызначэння дыпламата — «НН»]. Цяпер яна не едзе, бо там невядома каму ўручаць даверчыя лісты, чакаюцца перавыбары прэзідэнта», — кажа спадар Якаўлеўскі.
Пасольства Беларусі ў Вене ад 2011 года ўзначальвае Валерый Варанецкі. Пяць гадоў — гэта немалы для дыпламата тэрмін.
Якаўлеўскі лічыць, што Варанецкага не прызначаць у МЗС на месца Купчыной.
«Валерый Варанецкі — гэта чалавек Латыпава, а кадры Латыпава сёння не самыя папулярныя ў нашым МЗС».
Алена Купчына нарадзілася ў 1965 годзе ў Мінску. Скончыла юрыдычны факультэт БДУ (1987), кандыдат юрыдычных навук. Ад 1992 года – у Міністэрстве замежных справаў. Ад 2006 да 2012 Купчына была паслом Беларусі ў Венгрыі.
«Яна вельмі ўдала адпрацавала ў Будапешце. Да яе ставіліся там з вялікай павагай. Вывучыла венгерскую мову, сын хадзіў у венгерскую, а не англійскую школу. Яна вельмі аўтарытэтны дыпламат. Яе стыль — эмацыйная дыпламатыя.
І трэба прызнаць, што такі стыль вельмі ўдалы і эфектыўны. Апошнім часам яна адказвала за кантакты з Еўропай — і вельмі ўдала. Яна забяспечыла пазітыўныя вынікі на гэтай глебе. Купчыну з задавальненнем паўсюль прымалі», — кажа Раман Якаўлеўскі.
З іншых навін — чакаецца, што паслом у Германію будзе прызначаны кіраўнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў 40-гадовы Дзяніс Сідарэнка. За ягоную эрудыцыю Сідарэнку часам называюць «вундэркіндам з МЗС».
Пасада пасла Беларусі ў Германіі вакантная ад лістапада 2015 года, калі пасля цяжкай хваробы памёр папярэднік пасол Андрэй Гіро.