Іск у суд у дачыненні да органаў унутраных спраў быў накіраваны 15 мая. А.Лябедзька запатрабаваў абавязаць упраўленне ўнутраных спраў Цэнтральнага раёна Мінска выключыць яго з базы звестак невыязных асоб.
У інтэрв’ю БелаПАН А.Лябедзька паведаміў, што суд нават не прыняў іск да разгляду.
«У іх адказе зазначаецца, што я павінен абскардзіць рашэнне міліцыі ў Міністэрстве ўнутраных спраў», — зазначыў ён.
«Я не маю ілюзій наконт станоўчага разгляду гэтай справы ў беларускіх судах. Аднак буду абскарджваць рашэнне ў гарадскім, Вярхоўным судах. Гэта неабходная працэдура, каб накіраваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН», — заявіў А.Лябедзька.
Нагадаем, А.Лябедзьку адмоўлена ў выездзе за межы Беларусі на падставе крымінальнай справы, распачатай па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры ў 2004 годзе. Палітыка абвінавацілі па частцы 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да прэзідэнта Беларусі) пасля яго інтэрв’ю праграме «Люстра» (тэлеканал «Россия») і публікацыі ў газеце «Народная воля».