Свежы нумар «Дзеяслова» адкрывае новая аповесць Уладзіміра Арлова «Дом з дамавікамі». Таксама ў рубрыцы «Проза» вартыя ўвагі апавяданні Вінцэся Мудрова, Паліны Качатковай, Зараславы Камінскай, Юльяны Пятрэнка, Крысціны Бандурынай, мініяцюры Мікалая Мароза, заканчэнне дыптыху Генрыха Далідовіча.

Аб'ёмным творам у раздзеле паэзіі дзеліцца Леанід Дранько-Майсюк — апублікавана яго паэма «Ладдзя Роспачы». З вершаванымі падборкамі ў нумары выступаюць Андрэй Гуцаў, Васіль Жуковіч, Юрый Ігнацюк, Алесь Нінько, Тадора Шпілька, Ігар Высоцкі.

У рубрыцы «Пераклады» заўважнымі для прыхільнікаў паэзіі стануць новыя пераклады Андрэя Хадановіча, а менавіта — ягоныя перастварэнні першага зборніка Гіёма Апалінэра «Бестыярый», а таксама знакамітай паэмы «Зона». У перакладзе Таццяны Анікеенка друкуюцца апавяданні балгарскіх пісьменнікаў Георгія Маркава і Міхаіла Вешыма.

Надзвычай разнастайным і аб'ёмным у нумары стаўся мемарыяльны раздзел. Ладную яго частку займаюць тэксты, прысвечаныя 80-годдзю з дня нараджэння Генадзя Бураўкіна, якое будзе адзначацца ў жніўні. Частку з сваёй кнігі ўспамінаў прапануе Сяргей Законнікаў, а шматгадовы «лімавец» Мікола Гіль адшукаў у сваіх архівах неапублікаваныя тэксты вядомых беларускіх аўтараў — артыкул Васіля Быкава, лісты Івана Ласкова, Алеся Чобата, Масея Сяднёва, запіскі Рыгора Барадуліна. Выдатна перадае характар трагічна загінулай Таццяны Сапач публікацыя ейнай электроннай перапіскі 2000-х гадоў, прымеркаваная да жнівеньскіх угодкаў паэткі. 

З навуковымі артыкуламі і рэцэнзіямі на новыя кнігі ў нумары выступаюць Леанід Галубовіч, Іван Саверчанка, Уладзімір Мароз, Анатоль Астапенка, Марыя Маляўка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?