Міліцыя знайшла мужчыну, які ў жніўні абмяняў на беларускія рублі ў адным з гомельскіх банкаў польскія злотыя, што выйшлі з абарачэння. Мужчыну выдалі 3.200 дэнамінаваных рублёў.

Як паведамляе інспектар аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама Ігар Грышкевіч, польскія злотыя жыхар Гомельскага раёна знайшоў у доме цёшчы, якая трапіла ў бальніцу і папрасіла зяця дагледзець гаспадарку.

«Гісторыя пачалася з вершаў. Жонка раней пісала вершы і вырашыла ўспомніць свае творы.

Спісаныя сшыткі захоўваліся ў доме маці. На антрэсолях знайшлі пакет са сшыткамі. Там жа ляжалі савецкія рублі, украінскія купоны, а таксама тры купюры польскіх злотых наміналам 500, 1.000 і 5.000», — расказаў Грышкевіч.

Польскую валюту жыхар Гомельскага раёна абмяняў у банку. Пасля гэтага разлічыўся з крэдыторамі, аплаціў запазычанасць па камунальных паслугах, купіў 160 фунтаў стэрлінгаў, з якіх 100 аддаў цёшчы. Даў 100 рублёў дачцэ, а жонцы купіў канапу і халадзільнік. Не забыў і пра сяброў — купляў для іх дарагое спіртное і прадукты. Ужо потым у сваім тлумачэнні ў міліцыі ён напіша: «Грашовыя сродкі не шкадаваў, за сумамі растраты не сачыў».

Характэрна, што на апошнія пакінутыя ад абмену злотых грошы мужчына закадаваўся ад алкагалізму.

Аператыўныя супрацоўнікі крымінальнага вышуку пасля звароту з банка знайшлі мужчыну. Ён, паводле яго сцвярджэння, быў абсалютна ўпэўнены, што раз у банку польскія купюры праверылі і прынялі, значыць яны сапраўдныя і знаходзяцца ў абарачэнні.

«З боку праваахоўных органаў асаблівых прэтэнзій да яго няма. Не было крымінальнага намеру. Аднак вяртаць гэтыя грошы яму давядзецца ў банк альбо самастойна, альбо прымусова. Але вяртаць давядзецца», — удакладніў Грышкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?