Еўрасаюз анансуе стварэнне новага механізма падтрымкі краін-суседак. Гаворка ідзе пра выдзяленне 40 мільярдаў еўра на гарантыі для прыватных інвестыцый.

Фота europeanwesternbalkans.com.

Фота europeanwesternbalkans.com.

Пра новы механізм паведамляецца ў супольным артыкуле высокага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкі Магерыні і еўрапейскага камісара па палітыцы суседства і перамоў па пашырэнні ЕС Ёганэса Гана. Артыкул апублікаваў шэраг еўрапейскіх сайтаў у панядзелак 19 верасня.

«Летась Еўрапейская камісія стварыла Еўрапейскі фонд стабільных інвестыцый — так званы «План Юнкера». За адзін толькі год мы знайшлі 116 мільярдаў еўра, якія пайшлі на падтрымку больш за 200 000 малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Гэты фонд паказаў сваю працаздольнасць — і менавіта таму мы зараз пашыраем гэты план: як у Еўропе, так і за яе межамі, — пішуць Магерыні і Ган. — Для гэтага мы ствараем План замежных інвестыцый», — пішуць еўрачыноўнікі.

«Мы ведаем, што дзяржаўныя рэсурсы не бясконцыя і не ўсёмагутныя, — адзначаюць яны. — Калі мы глядзім на сярэдне-і доўгатэрміновую перспектыву, мы разумеем, што маем патрэбу ў новых гульцах, новых інструментах і новых партнёрствах, накіраваных на падтрымку росту, стварэнне працоўных месцаў і адказ на першасныя прычыны перамяшчэння і міграцыі людзей. Менавіта таму мы ствараем План замежных інвестыцый», — пішуць Ган і Магерыні.

«Наша бізнес-супольнасць просіць аб бяспецы і аб абароне ад усіх магчымых рызык — як ад фінансавых або прававых, так і ад рызык нестабільнасці. План замежных інвестыцый будзе падмуркам іх бяспекі і стымулам для пошуку новых магчымасцяў па-за нашымі межамі. План накіраваны на тое, каб знайсці больш за 40 мільярдаў еўра інвестыцый для краін-суседак ЕС. Гэта больш, чым увесь аб'ём дапамогі, якую ЕС цяпер вылучае па ўсім свеце. Гэты аб'ём можна падвоіць, калі дзяржавы ЕС вылучаць такія сама грошы, якія мы вылучаем з бюджэту ЕС.

Еўрапейскі фонд ўстойлівага развіцця (ЕФСР) будзе надаваць гарантыі прыватным інвестарам адносна тых рызык, з якімі яны сутыкаюцца, калі пачынаюць свой бізнэс у краінах на шляху развіцця. Гэтыя гарантыі не толькі будуць прасоўваць канкрэтныя праекты, але і ствараць «інвестыцыйныя вокны» ў стратэгічных рэгіёнах або галінах.

«Адзінае акно» будзе заахвочваць прыватных і інстытуцыйных інвестараў з Еўропы і нашых краін-партнёрак накіроўваць свае прапановы і збіраць інфармацыю аб стымулах і інвестыцыйных вокнах.

План замежных інвестыцый будзе аказваць тэхнічную дапамогу для паляпшэння якасці і павелічэння колькасці праектаў, а таксама для таго, каб гэтыя праекты былі жыццяздольнымі. Еўрапейская камісія, Еўрапейскі інвестыцыйны банк і іншыя міжнародныя фінансавыя інстытуты (карыстаючыся парадамі спецыялістаў з прыватных кампаній) будуць працаваць поплеч для маніторынгу праектаў — хуткага і арыентаванага на бізнес.

Для нашых партнёраў з краін-суседак ЕС гарантыя спалучыцца з ужо наяўнымі рэсурсамі ў рамках інвестыцыйнай платформы суседства. План замежных інвестыцый будзе працаваць у супрацоўніцтве з Інвестыцыйным фондам для краін-суседак і Інвестыцыйным фондам для Афрыкі, якія ўжо ўмацоўваюць стратэгічныя і доўгатэрміновыя інвестыцыі.

Акцэнт будзе ставіцца на сферах транспарту, энергетыкі, навакольнага асяроддзя і сацыяльнага развіцця. Гэта забяспечыць паслядоўнае спалучэнне розных інструментаў, якія будуць выкарыстоўвацца ў рамках Еўрапейскага фонду ўстойлівага развіцця для стымулявання інвестыцый у наш рэгіён.

Акрамя гэтага, нароўні з рэалізацыяй плана будзе адбывацца дыялог па пытаннях палітыкі і ўмацавання здольнасці інстытутаў.

Нашы дзеянні будуць скаардынаваныя і супольныя, у духу Глабальнай стратэгіі па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі, а таксама абноўленай Еўрапейскай палітыкі суседства. Мы не толькі надаўцы дапамогі (найбуйнейшыя на свеце) мы перш за ўсё палітычныя партнёры», — пішуць Магерыні і Ган.

«Можна гаварыць пра тое, што ў еўрапейскай палітыцы па падтрымцы развіцця пачаўся новы этап», — пішуць яны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?