7 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка зусім коратка павіншаваў свайго расійскага калегу Уладзіміра Пуціна з днём нараджэння.
— Рэспубліка Беларусь зацікаўлена ў плённым узаемадзеянні з Расійскай Федэрацыяй ва ўсіх сферах, паглыбленні раўнапраўнага і эфектыўнага супрацоўніцтва ў інтэграцыйных фарматах, — гаворыцца ў тэксце віншавання, апублікаваным на афіцыйным сайце кіраўніка дзяржавы.
Лукашэнка таксама выказаў упэўненасць у магчымасці вырашэння ўсіх актуальных пытанняў двухбаковага парадку ў рамках сумленнага і адкрытага дыялогу.
2015-ы: Шквал кампліментаў
Яшчэ ў мінулым годзе віншаванне беларускага кіраўніка было куды больш сяброўскім. Аляксандр Лукашэнка літаральна рассыпаўся ў кампліментах, заўважаючы, што пад кіраўніцтвам Уладзіміра Пуціна Расія дамаглася «значных поспехаў у эканамічным развіцці, умацаванні дзяржаўнасці, павышэнні дабрабыту і ўзроўню жыцця грамадзян».
— Вы надаяце вялікую ўвагу папулярызацыі інтарэсаў сваёй краіны на міжнароднай арэне, пашырэнню ўзаемавыгадных інтэграцыйных працэсаў, якія з'яўляюцца залогам стабільнасці і працвітання дзяржаў, якія ўдзельнічаюць у іх, — удакладніў ён.
Цікава, што гэта адбывалася на фоне перамоваў аб расейскай авіябазе і напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
2014-ы: Паштоўка ў нейтральных танах
Два гады таму віншаванне, хутчэй, нагадвала чыноўніцкую адпіску з мноствам штампаў:
— Вы ўносіце важкі ўклад у развіццё беларуска-расійскіх адносін у духу стратэгічнага партнёрства і пашырэнне інтэграцыйных працэсаў. Упэўнены, што і ў далейшым ваша дзейнасць будзе ўсяляк садзейнічаць умацаванню дружбы паміж народамі Беларусі і Расіі.
2013-ы: Адзначыў заслугі ў Мытным саюзе
На гэты раз Лукашэнка зноў казаў аб умацаванні сяброўства паміж брацкімі народамі, адзначыў прынцыповую пазіцыю Пуціна, дзякуючы якой «працягвае паспяхова рэалізоўвацца патэнцыял міждзяржаўнай інтэграцыі ў Мытным саюзе, а таксама пачаў фармавацца Еўразійскі эканамічны саюз».
2011-ы: «Не будзь такім забабонным!»
Лукашэнка праявіў арыгінальнасць і павіншаваў Пуціна з 59-годдзем загадзя.
— Мы дамовіліся звязацца па тэлефоне з Пуціным напярэдадні. Я перш за ўсё пачаў з віншавання. Пажадаў шчасця, здароўя… — распавёў Лукашэнка на прэс-канферэнцыі.
Паводле яго слоў, Пуцін насцярожыўся: маўляў, у яго ж заўтра дзень нараджэння.
— Не будзь такім забабонным. Я ад усёй душы віншую, — сказаў Лукашэнка Пуціну.