Аляксандр Лукашэнка супраць знішчэння рускай мовы ў Беларусі, але не прымае папрокаў у «залішняй беларускасці».
president.gov.by
Пра гэта ён заявіў, выступаючы 7 кастрычніка на сустрэчы з дэпутатамі.
«Трэба разумець, перш чым казаць: «Далоў рускую культуру». Навошта выкідваць тое, у што цэлае пакаленне беларусаў уклала свой розум, памкненні і спадзяванні? Руская мова і культура, напэўна, на траціну і нашы. Тады можна сказаць, што і ў Расіі таксама шмат народнасцяў, ад якутаў да чувашоў. Але ніхто ж ад гэтага не адмаўляецца», — сказаў Лукашэнка.
«З іншага боку, і ніхто не выкідвае сваё нацыянальнае. Нідзе мы ў Расіі не чулі, што чукчы, якуты і іншыя не павінны развіваць свае традыцыі і сваю мову, — дадаў ён. — А некаторыя дамарошчаныя ў нас, у Беларусі, і асабліва на Усходзе, пачынаюць нас папракаць у залішняй беларускасці. Што за глупства? Мы — нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці — гэта мова. Чаму мы павінны адмовіцца ад беларускай мовы?»
«У пятым-шостым класе ў нас англійскай мовы шэсць гадзін. А нашы дамарошчаныя ў Міністэрстве адукацыі дапрацаваліся да таго, што беларускай мовы дзве гадзіны. Дык чаму мы не кажам, што тут перакос?» — пацікавіўся Лукашэнка.