Уладзімір Макей не выключае таго, што, можа быць, праз 10—15 гадоў ЕС і ЕАЭС стануць адзінай эканамічнай прасторай. Пра гэта кіраўнік МЗС Беларусі заявіў у інтэрв'ю газеце «Рэчпаспаліта», стэнаграма якога была апублікаваная прэс-службай знешнепалітычнага ведамства.

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што Еўрапейскі саюз для Беларусі ўяўляе вялікую цікавасць.

«Мы зацікаўленыя ў развіцці адносін з Еўрапейскім саюзам ва ўсіх сферах і галінах. Для нас, вядома, важна наладзіць нармальнае гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне, таму што мы разумеем, што без «кіўка» з боку Еўрасаюза ніякі фінансавы інстытут, ніякі банк або кампанія не будуць працаваць з Беларуссю», — адзначыў Уладзімір Макей.

Ён выказаў шкадаванне, што «таўро санкцый, хоць і пераважная большасць з іх былі адмененыя», у розумах некаторых заходніх фінансістаў і палітыкаў да гэтага часу працягвае аказваць псіхалагічны ўплыў на Беларусь.

Міністр таксама адзначыў, што Беларусь гатовая да дыялогу з Еўрасаюзам, у тым ліку і па вострых пытаннях, што тычацца і сферы развіцця дэмакратыі, і правоў чалавека.

Ён таксама выказаў здагадку, што сітуацыя ва Украіне паўстала шмат у чым у тым ліку з-за таго, што ранейшае ўкраінскае кіраўніцтва занадта хутка імкнулася зблізіцца з Еўрапейскім саюзам: шэраг мер быў нерэалістычным і «ім надавалася штучная дынаміка».

«Мы хочам мець нармальныя адносіны з Еўрапейскім саюзам. Гэта не значыць, што мы заўтра хочам стаць сябрам Еўрапейскага саюза, хоць ніхто не ведае, што будзе праз 10-15 гадоў… Яшчэ раз паўтаруся: што будзе праз 10-15 гадоў, ніхто не ведае, калі толькі Еўрапейскі саюз захаваецца, таму што цяпер ў Еўрапейскага саюза вельмі шмат праблем», — заявіў Макей.

Ён таксама не выключыў імавернасць таго, што праз 10-15 гадоў Еўрапейскі саюз і Еўразійскі эканамічны саюз стануць адзінай Еўразійскай эканамічнай прасторай.

«Сказаць, што мы імкнёмся сёння ў Еўрапейскі саюз, я не магу […]. Я не магу сказаць, што ўсе беларусы проста-такі імкнуцца да таго, каб Беларусь стала сябрам Еўрапейскага саюза. І яшчэ адзін момант. Гэта рашэнне такога кардынальнага, прынцыповага характару. Для таго каб гэтая ідэя саспела — ідэя збліжэння з Еўрапейскім саюзам або нейкая іншая ідэя, — трэба, каб людзі ўспрынялі гэтую ідэю», — сказаў кіраўнік МЗС, адказваючы на пытанне, ці магчымае ўступленне ў Еўрасаюз толькі адной Беларусі.

— Не цяпер, а праз 15 гадоў? — польскія журналісты былі настойлівыя.

«Трэба паглядзець, як зменіцца Еўрапейскі саюз, як зменіцца сітуацыя ў рэгіёне, ці будзе такім прыцягальным Еўрапейскі саюз для Беларусі. Таму яшчэ раз паўтаруся, нельга выключаць ніякіх сцэнарыяў развіцця», — падкрэсліў дыпламат.

Ён таксама адзначыў, што калі Еўрапейскі саюз хоча дасягнуць нейкіх поспехаў у Беларусі, неабходна разумець, што ён павінен выстаўляць не толькі прэтэнзіі, прымушаць пад націскам рабіць нейкія захады, прымаць санкцыі супраць Беларусі, ён павінен паказаць, чаму ён з'яўляецца прыцягальным для Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?