Аб`ём экспарту беларускіх нафтапрадуктаў працягвае змяншацца. Паводле даных афіцыйнай статыстыкі, у студзені—кастрычніку гэтага года экспарт нафтапрадуктаў склаў у фізічным выражэнні 11,6 млн тон, скараціўшыся на 15% у параўнанні з такім жа перыядам мінулага.

У вартасным выражэнні экспарт нафтапрадуктаў за 10 месяцаў гэтага года склаў 3,5 млрд долараў, што на 38% менш за аналагічны леташні паказчык.

У гэтым годзе Беларусь павялічыла пастаўкі нафтапрадуктаў у Польшчу (экспарт у фізічным выражэнні вырас у 5,1 разу), Нідэрланды (у 2,2 разу) і Украіну (амаль у 1,5 разу). У той жа час у Расію ў студзені—кастрычніку было пастаўлена каля 259 тыс. тон нафтапрадуктаў, што ў тры разы менш у параўнанні з такім жа леташнім перыядам.

Скарачэнне паставак нафтапрадуктаў у РФ беларускія чыноўнікі тлумачылі тым, што такі экспарт нявыгадны для Беларусі па цэнавых меркаваннях. У сваю чаргу Расія, спасылаючыся на невыкананне Беларуссю абавязацельстваў па пастаўках нафтапрадуктаў і запазычанасць за газ, рэзка скараціла ў другой палове гэтага года пастаўкі нафты на Мазырскі і Наваполацкі НПЗ.

У трэцім квартале 2016 года Расія паставіла ў Беларусь толькі 3,5 млн тон нафты супраць 5,8 млн тон у першым квартале і 5,7 млн — у другім.

У кастрычніку прадстаўнікі беларускага ўрада заяўлялі пра гатоўнасць Беларусі пагасіць запазычанасць за расійскі газ у адказ на аднаўленне паставак расійскай нафты ў ранейшых аб`ёмах. Аднак нафтагазавая спрэчка паміж Масквой і Мінскам не ўрэгуляваная да гэтага часу. Расія працягвае пастаўляць нафту на беларускія НПЗ у абмежаваным аб`ёме, што прывяло да скарачэння экспарту нафтапрадуктаў у параўнанні з 2015 годам.

Паводле ацэнак экспертаў, скарачэнне паставак расійскай нафты аказвае прамы ўплыў на паказчыкі беларускай эканомікі. Міжнародны валютны фонд чакае, што ВУП Беларусі па выніках 2016 года скароціцца на 3%. Міністэрства эканомікі Беларусі таксама прагназуе зніжэнне ВУП на 2,5-3%, тлумачачы гэта скарачэннем аб`ёму перапрацоўкі нафты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?