Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў свайму зяцю Джарэду Кушнеру заняць пасаду аднаго са старшых дарадцаў ў Белым доме, піша Бі-бі-сі.

Джарэд жанаты з дачкой Трампа Іванкай, Reuters.com

Джарэд жанаты з дачкой Трампа Іванкай, Reuters.com

35-гадовы Кушнер актыўна ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі Трампа, на пасадзе ў Белым доме яму прыйдзецца займацца пытаннямі як унутранай, так і знешняй палітыкі.

У Кушнера, як і ў Трампа, няма вопыту дзяржаўнага кіравання.

Яго прызначэнне на пасаду ў адміністрацыю прэзідэнта не стала нечаканасцю, аднак выклікала супярэчлівую рэакцыю. Амерыканскія СМІ адзначаюць, што пакуль незразумела, ці не парушае гэтае прызначэнне закона, які забараняе кумаўство, і ці не прывядзе яно да канфлікту інтарэсаў.

«Джарэд унёс вялікі ўклад і быў даверанай дарадцам на працягу ўсёй кампаніі і пераходнага перыяду, і я ганаруся, што ён будзе займаць ключавую ролю ў маёй адміністрацыі», - заявіў Трамп.

Джарэд Кушнер — унук яўрэяў, што выжылі ў Навагрудскім гета.

«Я — унук людзей, што ацалелі у Халакосце, — пісаў ён, баронячы свайго цесця Дональда Трампа ад абвінавачванняў у антысемітызме. … — У 1943 годзе ў ноч перад юдэйскім Новым годам 250 чалавек — усё, што засталося ад 20-тысячнага яўрэйскага насельніцтва горада, задумалі ўцячы праз выкапаны імі падземны ход, які выводзіў за агароджу. Яны абясточылі пражэктары і вынялі цвікі з бляшанай страхі, каб яна грукатала на ветры і заглушала гукі ўцёкаў… Бабуля дабралася да лесу, дзе ўступіла ў партызанскі атрад братоў Бельскіх. Там яна сустрэлася з дзядулем, які ўцёк з працоўнага лагера. Да таго ён тры гады пражыў у лесе ў зямлянцы — фактычна ў яме, якую ён сам выкапаў — сілкуючыся падножным кормам, хаваючыся і начуючы ў гэтай яме нават суровай зімою».

Дзед Джарэда Зэйдэль меў у Навагрудку дзве майстэрні па пашыве галаўных убораў, а бацька Джарэда Чарльз некалькі гадоў таму двойчы прыязджаў у Навагрудак і аказваў спонсарскую дапамогу музею.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?