Грузінскія СМІ паведамляюць, што 28 студзеня ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга (былы Заір) былі збітыя два верталёты Мі-24. Па інфармацыі крыніц, адзін экіпаж складаўся з грамадзян Грузіі, а другі — Беларусі.
Інфармацыю пацвердзілі ў Міністэрстве абароны Грузіі, адзначыўшы, што экіпаж не мае ніякага дачынення да ўзброеных сілаў краіны, а знаходзіўся ў Афрыцы ў якасці прыватных асоб.
Начальнік упраўлення інфармацыі Міністэрства абароны Беларусі Уладзімір Макараў сказаў: «Беларускіх ваенаслужачых няма на тэрыторыі іншых дзяржаваў». Даваць больш разгорнутыя каментары ён адмовіўся.
Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Дзмітрый Мірончык запэўніў, што ведамства сочыць за сітуацыяй, аднак усё яшчэ не можа атрымаць афіцыйных звестак.
«Найбліжэйшае пасольства Беларусі знаходзіцца ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Мы спрабуем атрымаць звесткі ад уладаў ДР Конга, як з боку пасольства ў ПАР, гэтак і пры дапамозе расійскіх калег, акрэдытаваных у ДР Конга. На цяперашні момант мы не можам гаварыць, ці гэта былі грамадзяне Беларусі, ці выхадцы з Беларусі, ці ўвогуле нехта іншы», — адзначыў Дзмітрый Мірончык. Ён спадзяецца атрымаць больш дэталёвую інфармацыю цягам заўтрашняга дня.
ДР Конга пазначана жоўтым.
Паводле паведамленняў СМІ, экіпаж, складзены з беларусаў, быў шпіталізаваны. Ніхто не загінуў.
ДР Конга з’яўляецца адной з найбольш нестабільных краін Афрыкі, фактычна знаходзіцца ў стане грамадзянскай вайны. Усходнюю частку краіны, якая багатая карыснымі выкапнямі, як золата, волава, тантал, кантралююць у вялікай ступені паўстанцы. У краіне знаходзіцца больш за 20 тысяч міратворцаў ААН.