Надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка сёння ў эфіры праграмы «Время покажет» на расійскім Першым канале катэгарычна абверг публікацыі ў асобных СМІ аб тым, што Беларусь мае намер выйсці з інтэграцыйных аб'яднанняў, перадае БЕЛТА.

Дыпламат заявіў, што Беларусь была і застаецца актыўным удзельнікам Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага эканамічнага саюза і Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Праграма была прысвечаная загаду ФСБ Расіі аб устанаўленні памежнай зоны на мяжы з Беларуссю, публікацыях у СМІ аб выхадзе Беларусі з інтэграцыйных аб'яднанняў, а таксама ўвядзенню Беларуссю пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 дзяржаў.

Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што беларускія памежнікі ў цесным кантакце з расійскімі калегамі надзейна абараняюць знешні перыметр Саюзнай дзяржавы. Ён нагадаў, што паміж дзвюма краінамі заключаныя адпаведныя міжнародныя пагадненні. Адно з іх падпісана ў 2015 годзе, яно тычыцца выкарыстання адзінай базы даных асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы. Па словах пасла, 90% гэтага спісу — гэта асобы, якім забаронены ўезд у Расію. «Беларускія міграцыйныя і памежныя службы надзейна выконваюць гэтыя абавязацельствы», — сказаў дыпламат.

Ігар Петрышэнка заявіў, што для Расіі няма ніякіх рызык у сувязі з увядзеннем Беларуссю пяцідзённага бязвізавага рэжыму. «Мы далі тлумачэнні ў ФСБ і ў МЗС Расіі, і ні ў каго з гэтых структур, у правапрымяняльнікаў не было пытанняў да нас па гэтым указе», — адзначыў ён.

Пасол дадаў, што васьмідзенны бязвізавы рэжым усталяваны пры ўездзе ва Уладзівасток, трохдзённы — пры ўездзе замежнікаў у Санкт-Пецярбург. «Гэта значыць, Расійская Федэрацыя раней пайшла па гэтым шляху, увёўшы бязвізавы рэжым для актывізацыі бізнэсу, турызму», — падкрэсліў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0