Паліцыя Малайзіі заявіла, што смерць брата лідара КНДР наступіла ў выніку атручвання таксінам, які ўваходзіць у катэгорыю баявых атрутных рэчываў, піша Бі-бі-сі.

Згодна з папярэднім заключэннем, Кім Чон Нам быў атручаны хімікатам, вядомым як VX.

Да такой высновы эксперты прыйшлі, прааналізаваўшы рэчыва, якое засталося на твары і вачах загінулага.

VX — гэта рэчыва, якое валодае моцным нервова-паралітычным дзеяннем. Яго называюць самым таксічным з усіх штучна сінтэзаваных чалавекам.

Газ VX прылічаны ААН да хімічнай зброі масавага паражэння. Згодна з наяўнай інфармацыяй, на дадзены момант запасамі VХ валодае толькі абмежаваная колькасць краін, сярод якіх ЗША, Расія і Сірыя.

***

Брат паўночнакарэйскага лідара памёр на мінулым тыдні, неўзабаве пасля таго як у аэрапорце Каала-Лумпура яму накінулі на галаву хустку, прапітаную атрутным рэчывам.

У забойстве ўдзельнічалі дзве жанчыны. Адна адцягнула ўвагу Кім Чон Нама, а другая ў гэты час ззаду накінула яму на твар атручаную хустку.

Дзвюх жанчын (з пашпартамі Інданезіі і В'етнама) следчыя затрымалі адразу. У паліцыі паведамілі таксама пра затрыманне 46-гадовага жыхара Паўночнай Карэі па імені Ры Чон Чхоль.

Сярод падазраваных таксама паўночнакарэйскі дыпламат і супрацоўнік авіякампаніі з КНДР.

Акрамя таго, у вышук аб'яўлены чацвёра мужчын, якіх падазраюць у датычнасці да гэтага забойства, аднак яны, імаверна, ужо пакінулі Малайзію.

Улады Малайзіі не сцвярджаюць, што КНДР ажыццявіла гэта забойства, аднак, па іх словах, за ім стаяць грамадзяне Паўночнай Карэі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0