Протаіерэй Фёдар Поўны своеасабліва выказаўся на тэму ўшанавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Гэты прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы вядомы сваёй блізкасцю да Аляксандра Лукашэнкі. Дастаткова сказаць, што Поўны — адзіны святар, які абзавёўся катэджам у Драздах.

На днях протаіерэй не паленаваўся з'ездзіць у Курапаты, каб на іх фоне заявіць тэлеканалу СТВ:

— Гэта перш за ўсё трагічнае месца. Кожны раз, праязджаючы міма яго па кальцавой дарозе, я хрышчуся. Несумненна, пахаванні заслугоўваюць памяці і павагі. Павагі да людской бяды й гістарычная, хай нават непрыемная праўда, патрабуе ўвагі да гэтага месца.

Па меркаванні святара, статус гэтай тэрыторыі неабходна вызначыць на дзяржаўным і грамадскім узроўні, каб спыніць спекуляцыі і «яе выкарыстанне ў сваіх мэтах рознымі і часта настроенымі супраць улады аб'яднаннямі і групамі».

А вось далей Поўны зрабіў зусім ужо парадаксальную заяву:

— Тэма памяці ахвяр рэпрэсій правільная па сутнасці. Але яна вельмі тонкая. Паколькі мы жывем на захаванай спадчыне савецкай эпохі… То бок ёсць шэраг велізарных дасягненняў той эпохі.

І кажучы пра адмоўныя моманты, нават у такой страшнай праўдзе, мы заўсёды павінны бачыць гэты фон. І гэта не апраўданне забойстваў, але гэта два паралельныя працэсы, якія гістарычна ўжо непадзельны. Такім чынам, узводзячы памятны комплекс ахвярам рэпрэсій, нам трэба мець музей дасягненняў савецкай эпохі. Толькі тады магчымая цэласнасць успрымання і аб'ектыўнасць.

Прадстаўнік царквы, якая падвяргалася ганенням у СССР, прапануе стварыць «музей дасягненняў савецкай эпохі»!

Пры гэтым Поўны атрымаў пабочны эфект, на які, відавочна, не разлічваў. З яго выказвання, што «мы жывем на захаванай спадчыне савецкай эпохі», можна зрабіць выснову, што за 22 гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі нічога значнага створана не было.

Дарэчы, нядаўна протаіерэй сцвярджаў супрацьлеглае. На сходзе ў Мінску дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу Поўны агучыў выснову, што цяперашняя ўлада пабудавала фактычна новую прыгожую і паспяховую краіну…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?