На палігоне пад Барысавам утылізавалі бомбу, якую днём раней знайшлі пры зносе выставачнага комплексу «Белэкспа» ў Мінску. Сапёры вывезлі яе ў бяспечнае месца. Відэа падрыву апублікавала МУС.

Нямецкую авіябомбу часоў Другой сусветнай вайны знайшлі 13 красавіка падчас зносу комплексу «Белэкспа» ў цэнтры Мінска. Мяркуючы па здымках аператыўных службаў, яна знаходзілася пад зямлёй недалёка ад прыступак, якія вядуць да цэнтра.

Гэта авіябомба SC250 масай 250 кг (з іх 128 — выбуховае рэчыва). Радыус разлёту аскепкаў у такога снарада — да 2 км.

Як паведамляе МУС, экскаватаршчык выняў яе з катлавана глыбінёй каля 2 метраў і пакінуў на будпляцоўцы. На месца выязджалі сапёры ўнутраных войскаў МУС пад камандаваннем падпалкоўніка Максіма Куля.

«Акрамя таго на месцы правядзення будаўнічых работ сапёры таксама выявілі некалькі даволі вялікіх фрагментаў іншай авіябомбы, якая ўжо калісьці разарвалася», — кажуць у прэс-службе ведамства.

«Учорашні экскаватаршчык у «БелЭкспа» [які знайшоў бомбу] — прыклад важнасці захавання тэхнікі бяспекі заўсёды і ўсюды. Жывы прыклад, на шчасце», — напісаў пазней у твітары афіцыйны прадстаўнік МНС Беларусі Віталь Навіцкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?