Спявачка Жанэт, якая выпадкова сфатаграфавалася з сімволікай «Данецкай народнай рэспублікі», наракае на Сеніцкі дом культуры. Гэта там яна пабачыла расцяжку непрызнанага ўтварэння.
Дырэктарка Сеніцкага дома культуры Наталля Цярэнцьева не бачыць праблемы ў сітуацыі.
«Які гэта можа выклікаць скандал? Там вісіць яно і вісіць. Гэта расцяжка гурту «СССР», яны выступалі ў Данецкай рэспубліцы з канцэртамі і прывезлі сабе як сувенір. Нічога жахлівага не здарылася. Яны проста павесілі гэту сімволіку».
Аматарскі гурт «СССР» — два мужчыны ў камуфляжы, якія працуюць на базе Сеніцкага дома культуры. Яны блізкія да расійскага Саюза ветэранаў Афганістана.
«На Данбасе мы пабывалі ўжо сем разоў, з самых першых абстрэлаў», — казалі яны ў нядаўнім інтэрв'ю. Ляталі і ў Сірыю, павіншаваць расійскіх вайскоўцаў.
Калі б нейкі гурт прывёз з сабой сімволіку «Правага сектара», ці дазволіла б яе павесіць дырэктарка? «Вы мне такія пытанні не задавайце, — адказвае яна. — Мала хто дзе штосьці паклаў? Гэта ж іх асабістыя рэчы». Але запэўнівае, што хаця б сцяг фашысцкай Германіі ў Доме культуры не вісіць.
«А што вас бянтэжыць? — перапытвае Наталля Цярэнцьева. — Мы нідзе нічога не прапагандуем. У нас вісіць і партрэт прэзідэнта, і партрэт прэзідэнта Расіі, нічога дрэннага ў гэтым няма».
Напрыканцы размовы Наталля Цярэнцьева параіла звяртацца з пытаннямі да свайго наймальніка — у Мінскі райвыканкам.