Штаб фаварыта французскай прэзідэнцкай гонкі Эманюэля Макрона быў атакаваны шпіёнскай кібергрупай, якая звязана з Галоўным разведвальным упраўленнем Расіі (ГРУ), паведамляе Reuters.

Спецыяліст па кібербяспецы Файке Акбор (Feike Hacquebord) знайшоў доказы таго, што кібергрупа Pawn Storm атакавала электронную пошту кандыдата і спрабавала ўсталяваць на яго сайт шкоднасныя праграмы. Эксперт заўважыў, што гэтая атака вельмі падобная на атакі супраць штабу Хілары Клінтан і партыю Ангелы Меркель ХДС.

Pawn Storm стварыла чатыры фэйкавыя акаўнты для ажыццяўлення фішынгавых атак на макронаўскі рух «En Marche!» («Наперад!») з выкарыстаннем фэйкавых сервераў.

Пра першыя хакерскія атакі на каманду Эманюэля Макрона стала вядома яшчэ 13 лютага, калі генеральны сакратар «En Marche!» («Наперад!») Рышар Феран (Richard Ferrand) паведаміў, што рух стаў ахвярай «соцень і тысяч» хакерскіх атак з Расіі.

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў адмаўляе ўдзел Расіі ў гэтых атаках. Прадстаўнік французкага дзяржаўнага агенцтва кібербяспекі ANSSI пацвердзіў факт атакі, але не можа афіцыйна сцвярджаць, што за атакай стаіць менавіта Pawn Storm і Расія.

Pawn Storm — адна з найстарэйшых хакерскіх груповак, вядомая таксама пад імёнамі APT 28, Fancy Bear, Sofancy і Strontium. Амерыканскія кампаніі, якія працуюць у галіне інфармацыйнай бяспекі (CrowdStrike, Dell SecureWorks, FireEye і ThreatConnect) звязваюць гэтую хакерскую групу з расійскім урадам і Галоўным разведвальным упраўленнем.

7 мая адбудзецца другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Францыі, дзе ліберал і цэнтрыст Эманюэль Макрон, які актыўна крытыкуе знешнюю палітыку Расіі, будзе змагацца за пасаду прэзідэнта супраць Марын Лё Пэн, якая брала крэдыты ў расійскіх банках і займала ў асноўных пытаннях пракрамлёўскую пазіцыю

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?