Кранальную гісторыю распавяла міліцыя Брэсцкай вобласці.
У Жабінкаўскі РАУС звярнуўся Андрэй Л., жыхар райцэнтра. Ён паведаміў дзяжурнаму, што хоча сустрэцца з участковым для вырашэння сямейнага пытання. Да яго неадкладна выйшаў участковы інспектар міліцыі маёр міліцыі Аляксандр Іваноў.
«Андрэй Мікалаевіч распавёў праваахоўніку, што ў апошні час у яго не ўсё ладзіцца з жонкай Марыяй Мікалаеўнай: у доме «пасяліліся» пастаянныя скандалы і высвятленне адносін. Ад іх пакутуе іх маленькі сын. Каб не траўмаваць псіхіку дзіцяці, мужчына, хоць і з цяжкасцю, але прыняў рашэнне аб разводзе, а гэта рашэнне звязана з падзелам маёмасці. І менавіта пры гэтай працэдуры Андрэй Мікалаевіч хоча, каб прысутнічаў участковы, — паведамляюць міліцыянты. —
Аляксандр Васільевіч уважліва выслухаў мужчыну і растлумачыў, што дзяліць маёмасць лепш у судовым парадку, каб усё было па законе, бо ў адваротным выпадку Марыя Мікалаеўна можа напісаць заяву ў міліцыю, што яе муж, з якім яна перастала пражываць разам, скраў у яе пэўныя рэчы».
«А лепш, вядома, вам памірыцца, бо, калі вы жаніліся, вы ж кахалі адно аднаго, а сапраўднае каханне заўсёды можна выратаваць», — рэзюмаваў Аляксандр Васільевіч.
Участковы папрасіў дэталёва расказаць аб праблемах, якія ўзнікаюць у сям'і. Выслухаўшы адзін бок канфлікту, ён пагутарыў і з Марыяй Мікалаеўнай. Маладая жанчына таксама выказала сваё меркаванне, чаму іх у нядаўнім мінулым шчаслівая сям'я пачала разбурацца.
Прааналізаваўшы два аповеды, участковы яшчэ раз сустрэўся з сямейнай парай і кожнаму даў некалькі парадаў, а ў завяршэнні размовы нагадаў, што ў любым сямейным канфлікце заўсёды вінаватыя абое, таму і шукаць шляхі прымірэння павінны таксама разам.
Праз некалькі дзён у райаддзел ад Л. прыйшло пісьмо з падзякай.
«Ад імя нашай сям'і хачу сказаць вялікі дзякуй Аляксандру Іванову за пісьменны падыход да сітуацыі, праяўленую неабыякавасць, і як вынік — выратаванне нашай сям'і ад разводу. Цяпер у нас дома, як і раней, пануюць спакой і любоў», — напісаў Андрэй Мікалаевіч.