Дасягнуць працвітання дзяржавы могуць толькі ў сумесным мірным і ўзаемавыгадным развіцці. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на пасяджэнні круглага стала кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц форуму міжнароднага супрацоўніцтва «Адзін пояс і адзін шлях».

Беларускі лідар адзначыў, што сёння свет знаходзіцца ў стадыі актыўнага развіцця і глабальных пераменаў. Змены спалучаныя з бесперапыннымі выклікамі і небяспекамі.

«Сярод іх — тэрарызм, міграцыйны крызіс, небяспечныя інфекцыйныя захворванні, кліматычныя змены і іншыя новыя для сучаснага свету пагрозы бяспекі. Акрамя таго, аслаблены сусветны эканамічны рост аказвае прыкметны ўплыў на паглыбленне адрозненняў паміж краінамі. Часта супярэчнасці вырашаюцца з ужываннем зброі, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Менавіта таму сёння так важна выкарыстоўваць гістарычную магчымасць для змены мадэлі міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. Дасягненне росквіту рэальна толькі ў з сумесным мірным узаемавыгадным развіцці».

Кіраўнік краіны падкрэсліў, што глабальныя ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях» і «Супольнасць адзінага лёсу», вылучаныя кітайскім лідарам Сі Цзіньпінам, — гэта не проста ідэя эканамічнага партнёрства, а перш за ўсё глыбокая аб'яднальная філасофія міжнароднага супрацоўніцтва. «Пры рэалізацыі гэтых канцэпцый не адбываецца навязвання інтарэсаў, гандлёвай экспансіі ў дзяржавы. Кітай прыходзіць — і ў гэтым унікальная асаблівасць — як дружалюбная краіна, прапаноўваючы механізмы стымулявання сумеснага развіцця», — сказаў беларускі лідар.

Праект «Адзін пояс і адзін шлях» не толькі перакройвае эканамічную карту свету, стварае новыя пункты росту, але і фармуе міжнародныя адносіны новага тыпу. Гэта інтэграцыя па-над блокамі, закліканая гарманізаваць усе эканамічныя інстытуты і прыбраць бар'еры на шляху свабоднага руху тавараў, інвестыцый і людзей.

«Ганаруся тым, што Беларусь стала першай краінай у Еўропе і адной з першых краін у свеце, якія падключыліся да будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху па цэлым шэрагу кірункаў», - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?