У адказ на рашэнне Трампа выйсці з глабальнага пагаднення па барацьбе са зменамі клімату прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон выступіў са зваротам, у якім заклікаў свет з'яднацца ў барацьбе за экалогію планеты. Ён зрабіў гэты зварот па-ангельску і, сярод іншага, прапанаваў амерыканскім навукоўцам пераязджаць у Францыю і там працягваць свае даследаванні па тэматыцы змены клімату.

Скончыў ён свой выступ словамі: «Make the planet great again». Гэта парафраза Трампавага слогана «Make America great again».

Рашэнне пра выхад Амерыкі з пагаднення выгаднае перадусім нафтагазаваму лобі. Пагадненне прадугледжвала скарачэнне ўсімі краінамі выкідаў газаў, якія ствараюць парніковы эфект. Яны ўтвараюцца аўтатранспартам і пры іншым спальванні вуглевадародаў. Рэалізацыя пагаднення прывяла б да зніжэння запатрабавання ў нафце, газе і вугалі да 2025 года.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў, што Злучаныя Штаты выходзяць з Парыжскага пагаднення аб клімаце, заключаным у 2015 годзе. 

Пры гэтым Трамп заявіў, што Вашынгтон пачне новыя перамовы аб заключэнні пагаднення па клімаце на ўмовах, больш справядлівых і выгадных для Злучаных Штатаў.

Трамп заявіў, што Амерыка зможа дамагчыся лепшых умоў, і гэта дапаможа амерыканскай прамысловасці.

Меркель, Макрон і і кіраўнік Італіі ў супольнай заяве асудзілі рашэнне Трампа. Сусветныя лідары выключаюць магчымасць зменаў у пагадненні.

«Гэтае пагадненне — не столькі пра клімат, колькі пра тое, што іншыя краіны атрымліваюць перавагу за кошт Злучаных Штатаў», — заявіў Дональд Трамп, падкрэсліўшы, што Парыжскае пагадненне накладвае на ЗША «драконаўскія абавязацельствы».

Прэзідэнт прывёў у якасці прыкладу Кітай і Індыю, якія, паводле яго слоў, змогуць пашыраць сваю вугальную прамысловасць, у той час як ЗША будуць павінны яе скарачаць.

Дональд Трамп абрынуўся з крытыкай на Зялёны кліматычны фонд ААН (GCF), створаны для аказання дапамогі краінам, якія развіваюцца, у змякчэнні наступстваў змены клімату і адаптацыі да іх.

Па словах Трампа, гэты фонд будзе каштаваць Злучаным Штатам мільярды даляраў.

Парыжскае пагадненне прадугледжвае забавязанні скараціць выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу. Дакумент таксама прадугледжвае выдзяленне да 2020 года краінам, якія развіваюцца, 100 мільярдаў даляраў на рашэнне праблем экалогіі.

Пагадненне па барацьбе са зменамі клімату было падпісана прадстаўнікамі больш чым 170 краін, у тым ліку ЗША, Кітаем і Расіяй.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш і лідары G7 заклікалі Дональда Трампа не выходзіць з Парыжскага пагаднення па клімаце. Ён іх не паслухаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?