Пэрвэз Мушараф разам з сваім галоўным хаўрусьнікам Джорджам Бушам.

Пэрвэз Мушараф разам з сваім галоўным хаўрусьнікам Джорджам Бушам.

Прэзыдэнт Пакістану Пэрвэз Мушараф 18 жніўня падчас жывога эфіру на нацыянальным тэлебачаньні абвясьціў аб сваім рашэньні сысьці ў адстаўку. Такое рашэньне ён прыняў, каб пазьбегнуць імпічмэнту, які б «нанёс удар па інтарэсах народу».

Нагадаем, што акурат у гэты самы дзень у парлямэнце павінна было разглядацца пытаньне аб імпічмэнце Мушарафа. Гэтую працэдуру ініцыявала найбольшае ў краіне палітычнае ўтварэньне — Пакістанская народная партыя, якую ўзначальвала забітая ў сьнежні 2007 году Бэназір Бхута. Ідэю імпічмэнту таксама падтрымала Мусульманская ліга‑N, якую ўзначальвае яшчэ адзін былы кіраўнік ураду Наваз Шарыф.

Паведамляецца, што рашэньне пра адстаўку Мушараф прыняў пасьля кансультацый з сваімі прыхільнікамі і юрыстамі. Ён дадаў, што пакідае свой лёс у рукі народу. Чуткі пра добраахвотную адстаўку прэзыдэнта Пакістана ў абмен на бясьпеку, зьявіліся яшчэ тыдзень таму.

На пасадзе прэзыдэнта Пакістану Пэрвэз Мушараф знаходзіўся ад 1999 году. Ён прыйшоў да ўлады шляхам бяскроўнага дзяржаўнага перавароту. На сваёй пасадзе Мушараф заслужыў славу аднаго з найбольш верных саюзьнікаў Вашынгтону ў барацьбе зь міжнародным тэрарызмам. Праз гэта ЗША нярэдка заплюшчвалі вочы на парушэньні правоў чалавека ў самім Пакістане.

Ягоныя палітычныя праціўнікі закідалі яму, аднак, цесную сувязь зь некаторымі з тых самых тэрарыстаў, зь якімі ён змагаўся, і маніпуляцыю маджахедамі ў сваіх мэтах. Дагэтуль няясна, хто забіў Бхута. Калі тое зрабілі ісламскія тэрарысты, то як так? Іхныя шэрагі даўно і надзейна інфільтраваныя пакістанскай выведкай.

Праваабаронцы ўказвалі на тое, што сьляпыя авіяўдары і каральныя апэрацыі на пляменных тэрыторыях выклікалі жаданьне помсты, што ўлада ў Пакістане перастала падпарадкоўвацца праву і стала неэфэктыўнай.

У 2007 годзе прэзыдэнт Пакістану звольніў кіраўніка Вярхоўнага суду і 60 судзьдзя, каб гарантаваць сабе пераабраньне. Аднак у лютым сёлета апазыцыя выйграла парлямэнцкія выбары, стварыўшы кааліцыйны ўрад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?