У мінулым верасні на полі пад Маладзечнам загінула 13-гадовая школьніца Віка Папчэня — дзяўчына трапіла пад грузавік. 22-гадовы кіроўца быў прысуджаны да 3 гадоў «хіміі». Але на гэтым справа не скончылася. Сёння на лаве падсудных — настаўніцы дзяўчыны, якія ў той злашчасны дзень былі з ёю «на бульбе».

Ірыну Апанасевіч і Вольгу Завадскую абвінавачваюць у «неналежным выкананні абавязкаў па гарантаванні бяспекі малалетняга, што прывяло да яго смерці». На працэсе над кіроўцам грузавіка настаўніцы былі сведкамі. А цяпер жанчынам пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Ірына Апанасевіч і Вольга Завадская.

Ірына Апанасевіч і Вольга Завадская.

Апанасевіч і Завадская не знаходзяцца пад вартай. Жанчыны працягваюць працу ў маладзечанскай школе №11. 45-гадовая Ірына Апанасевіч выкладае фізіку, 34-гадовая Вольга Завадская — французскую мову.

Па версіі пракурора, настаўніцы не забяспечылі патрэбны кантроль за дзецьмі на полі, у выніку гэтага дзяўчынка і трапіла пад грузавік.

Ірына Апанасевіч прызнала сваю віну цалкам. Вольга Завадская — таксама.

Апанасевіч працуе ў школе з 1995 года. Дрыжачым голасам жанчына пацвердзіла пракурору, што перад паездкай на поле з усімі патрэбнымі інструкцыямі яна азнаёмілася.

Калі адбылася трагедыя, дзеці разышліся па полі, каб набраць сабе бульбы — у якасці ўзнагароды за працу кожны мог узяць па вядры бульбы дамоў, распавяла настаўніца.

Чаму настаўніц з вучнямі адправілі на бульбу, на той момант Апанасевіч не ведала. Пасля, кажа, даведалася: «Была нейкая акцыя — «Дапамажы сабраць ураджай»…

«Вы прызналі віну. У чым была вашая віна?» — спыталася пракурор.

«Недаглядзела… Не заўважыла небяспеку… Не сабрала сваіх дзяцей вакол сябе…» — адказала Ірына Апанасевіч.

Вольга Завадская працуе ў школе №11 з 2006 года — яна трапіла туды адразу пасля сканчэння ўніверсітэта.

Па словах Завадскай з ёй ніхто інструктаж не праводзіў, а з дзецьмі перад паездкай размаўляла не яна, а іх класны кіраўнік.

Абедзве жанчыны кажуць, што пісьмовага загаду ехаць на бульбу не было. Завуч школы Курэц проста вусна папярэдзіў, што іх чакае паездка на поле разам з вучнямі.

Чаму Завадская прызнала сваю віну, у яе пацікавіўся суддзя Жэчка.

«Сёння я разумею, што я мусіла сабраць дзяцей у адну групу і весці арганізавана», - сказала тая.

Юлія Папчэня, маці загінулай школьніцы, распавяла, што яе дачка сама хацела паехаць на бульбу.

«Я не бачу нічога дрэннага ў тым, што дзіця хацела паехаць папрацаваць», - сказала Юлія.

Жанчына паўтарыла, што яе дачка мела праблемы са слыхам, аднак па горадзе заўсёды рухалася цалкам самастойна.

Бацькі лічаць, што настаўніцы вінаватыя ў смерці іх дачкі.

«Іх віна ёсць. Ім даверылі дзяцей — і няважна, на бульбе гэта было ці яшчэ дзе», — паведаміла «Нашай Ніве» Юлія Папчэня.

«Як іх пакараць? Згодна з законам», — сказаў Алег Папчэня, бацька загінулай Вікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?