З 1 кастрычніка беларусам, каб патрапіць у прыгранічную зону з боку Расіі, трэба будзе атрымаць спецыяльны пропуск. Дакумент выдаецца на год.

3 ліпеня на сайце Федэральнага партала праектаў нарматыўных прававых актаў быў апублікаваны праект указа, які тычыцца новых правілаў рэжыму ў памежнай зоне Расіі, піша Tut.by.

У дакуменце сказана, што новаўвядзенні датычацца пяцікіламетровай памежнай зоны на мяжы Беларусі і Расіі і ўступаюць у сілу з 1 кастрычніка 2017 года. З гэтай даты беларусы будуць ўязджаць у пагранзону па спецыяльным пропуску і дакуменце, які пацвярджае асобу. Працягласць знаходжання будзе ўказаная ў пропуску, акрамя таго, чалавек можа знаходзіцца толькі ў тым месцы, якое пазначана ў дакуменце. Гэта значыць, ён не мае права адхіліцца ад маршруту.

Калі беларускі аўтамабіль едзе транзітам праз мяжу РФ, то будзе дазволены вымушаны прыпынак, каб кіроўца мог схадзіць у кафэ або заправіць аўто.

Як толькі правілы ўступяць у законную сілу, беларус ужо не зможа проста так з'ездзіць у госці да сваякоў, якія жывуць у памежнай зоне РФ. Для пачатку яму неабходна будзе дабрацца да Смаленска (каля 50 кіламетраў ад мяжы, напісаць заяву на пропуск у ФСБ ці пакінуць запоўнены бланк на бліжэйшым памежным пункце. Але па сам пропуск прыйдзецца ўжо ехаць у Смаленск.

«Пры немагчымасці своечасова пакінуць межы памежнай зоны з прычыны абставін непераадольнай сілы дапускаецца знаходжанне грамадзян у межах месцаў iх часовага знаходжання да заканчэння названых абставін пры ўмове паведамлення аб такіх абставінах пагранічнаму органу або бліжэйшаму падраздзяленню памежнага органа, дакументальнага і іншага дакладнага іх пацверджання», — гаворыцца ў дакуменце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0