Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што расчараваны бяздзейнасцю кітайскіх уладаў у сітуацыі вакол КНДР.

«Я вельмі расчараваны ў Кітаі. Папярэднія дурныя лідары дазволілі яму зарабляць сотні мільёнаў даляраў у год на гандлі, а ён не робіць для нас нічога ў сітуацыі з Паўночнай Карэяй, а толькі гаворыць», - цытуе Бі-бі-сі запіс Трампа у яго «Твітары».

ЗША не дазволяць, каб гэта працягвалася, паколькі Кітай «лёгка можа вырашыць гэтую праблему», дадаў амерыканскі прэзідэнт.

За дзень да гэтага Паўночная Карэя здзейсніла другі за месяц запуск міжкантынентальнай балістычнай ракеты.

Паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын пазней заявіў, што новае ракетнае выпрабаванне даказвае, што ўсе тэрыторыя ЗША цяпер знаходзіцца ў зоне паражэння паўночнакарэйскіх ракет.

У суботу два амерыканскія бамбавікі B-1 праляцелі над Карэйскім паўвостравам ў суправаджэнні паўднёвакарэйскіх і японскіх самалётаў. Такім чынам ваенныя прадэманстравалі «непарушную прыхільнасць ЗША сваім саюзнікам», заявілі ў камандаванні ВПС ЗША па ціхаакіянскім рэгіёне.

У суботу Кітай асудзіў выпрабаванне КНДР і заклікаў усе бакі да стрыманасці.

Тады ж дзярждэпартамент ЗША выпусціў заяву, дзе заклікаў зрабіць больш жорсткім санкцыі ААН супраць КНДР.

Расія і Кітай нясуць «унікальную і асаблівую адказнасць» за пагрозу для рэгіянальнай і глабальнай стабільнасці, якая расце, паколькі з'яўляюцца «галоўнымі крыніцамі эканамічнай падтрымкі ядзернай зброі Паўночнай Карэі і праграмы развіцця балістычных ракет», заявілі ў амерыканскім міністэрстве.

Чарговае выпрабаванне ракеты стала 14-м запускам у гэтым годзе, ажыццёўленым насуперак рэзалюцыям ААН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0