У канцы верасня — пачатку кастрычніка Міжведамасны каардынацыйны савет пры Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі разгледзіць пытанне аб пераводзе абанентаў аператараў мабільнай сувязі МТС і Velcom на нумары ў асобных нумарных зонах. Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік упраўлення электрасувязі Мінсувязі Юрый Шпак.

Паводле яго слоў, апошнім часам прыняты шэраг рашэнняў, а таксама праведзены аналіз, які патрабуе дадатковага разгляду гэтага пытання як з пункту гледжання затрат аператараў, так і з пункту гледжання «пераноснасці» нумароў абанентаў. На пасяджэнні савета будуць разгледжаны ў тым ліку і тэрміны рэалізацыі намечаных планаў.

Раней Мінсувязі рэкамендавала аператарам сотавай сувязі МТС і Velcom забяспечыць перавод усіх абаненцкіх нумароў у раздзельныя занальныя коды «033» і «044» адпаведна. Перавесці існуючых абанентаў у новыя зоны нумарацыі планавалася яшчэ ў 2007 годзе, аднак гэты працэс зацягнуўся ў сувязі з вывучэннем магчымасці «пераноснасці» нумароў.

Як патлумачылі ў Мінсувязі, перавод усіх абанентаў аператараў мабільнай сувязі МТС і Velcom на новыя занальныя коды плануецца ажыццявіць найперш для зручнасці абанентаў — каб было зразумела, паслугамі якога менавіта аператара карыстаецца той ці іншы абанент.

«Раней было зразумела, што нумары на «6» адносяцца толькі да сеткі Velcom, а нумары на «7» — толькі да сеткі МТС, але потым развіццё аператараў запатрабавала новага нумарнога рэсурса, і ў абодвух аператараў з’явіліся абаненцкія нумары, якія пачыналіся з аднолькавых лічбаў з адзіным кодам «029», — патлумачыў Ю.Шпак.

Таму было прынята рашэнне, што аператары МТС і Velcom атрымаюць асобныя занальныя коды. У красавіку 2007 года яны іх атрымалі і ў ліпені—жніўні пачалі падключаць новых абанентаў на тэлефонныя нумары ў асобных зонах (+375336XXXXXХ для МТС і +375447XXXXXX для Velcom). Аднак прыняцце рашэння па пытанні аб поўным пераводзе ўсіх існуючых абанентаў у новыя зоны затрымлівалася.

Чакаецца, што пасля рэалізацыі намечаных планаў кожны з беларускіх аператараў сотавай сувязі атрымае ўласную зону нумарацыі: у «029» застанецца працаваць Diallog («Белсел»), «025» ужо замацавана за БеСТ, а МТС і Velcom пяройдуць на «033» і «044» адпаведна.

З пачатку 2008 года агульная колькасць абанентаў сотавай сувязі ў Беларусі вырасла на 500 тысяч і па стане на 1 жніўня перавысіла 7,5 мільёна. Сотавай рухомай электрасувяззю ахоплена звыш 90% тэрыторыі краіны, на якой пражывае больш за 97% насельніцтва, у тым ліку 100% — гарадскога.

Цяпер у Беларусі дзейнічаюць чатыры аператары сотавай сувязі. У стандарце GSM працуюць Velcom, «МТС» і «БеСТ», у стандарце CDMA — «БелСел» (гандлёвая марка Diallog). Найбольшая колькасць абанентаў у беларуска‑расійскага СТАА «МТС».

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0