Мужчына, які спрабаваў скрасці 15-гадовую школьніцу ў Баранавічах, асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі, паведамілі БЕЛТА ў пракуратуры Брэсцкай вобласці.

Сёння ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы абвясцілі прысуд у дачыненні да 39-гадовага мясцовага жыхара. Суд пагадзіўся з пазіцыяй дзяржабвінавачання, прызнаўшы мужчыну вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага п.1, п.7 арт.182 КК (выкраданне чалавека з прымяненнем гвалту ў дачыненні да непаўналетняй). Зламыснік асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Інцыдэнт у Баранавічах адбыўся днём 2 жніўня на пустцы, калі 15-гадовая школьніца вярталася дадому з вадаёма. Незнаёмы мужчына ударыў дзяўчыну па галаве металічным прадметам і запіхаў у багажны адсек аўтамабіля. Пацярпелай цудам удалося выскачыць з машыны паблізу аўтазаправачнай станцыі. Відавочцы здарэння выклікалі медыцынскіх работнікаў, з рознымі траўмамі дзяўчыну шпіталізавалі ў бальніцу. Злачынца паспрабаваў збегчы, аднак неўзабаве быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Раней ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0