Першы намеснік дырэктара па навуковай працы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук, акадэмік Аляксандр Лукашанец мяркуе, што наспела неабходнасць увядзення абавязковага тэсціравання па беларускай мове.

Пра гэта заявіў у інтэрв’ю агенцтву «Мінск-Навіны».

«Самым важным і актуальным для пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы становіцца адукацыйны аспект. Абедзве мовы ў сістэме адукацыі неабходна паставіць у аднолькавыя ўмовы.

Кожны вучань, заканчваючы школу, абавязаны валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі настолькі, каб вольна карыстацца імі ў любой сферы, а выпускнік ВНУ — свабодна ажыццяўляць сваю прафесійную дзейнасць.

Асабліва гэта тычыцца педагогаў.

Лічу, што наспела неабходнасць увесці абавязковае тэставанне па абедзвюх мовах пры заканчэнні сярэдняй школы і пры паступленні ў ВНУ незалежна ад абранай спецыяльнасці.

Для службовых асоб валоданне дзвюма дзяржаўнымі мовамі павінна стаць абавязковай умовай прафесійнай падрыхтоўкі. Зразумела, каб сітуацыя змянілася, варта пашырыць беларускамоўнае асяроддзе», — заявіў акадэмік Лукашанец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0