Расійскі сайт Утро.Ру апублікаваў матэрыял з назвай «Падкопы прадажнага Мінска раскрытыя», у аснове якога артыкул расійскага вайсковага эксперта Сяргея Ішчанкі для сайта «Свободная Пресса». У ім сцвярджаецца, што афіцыйны Мінск, нягледзячы на ўсю сваю афіцыйную рыторыку, займаецца знішчэннем саюза Беларусі і Расіі.
Журналіст звяртае ўвагу на тры падзеі, якія на першы погляд ніяк не звязаныя паміж сабой.
Па-першае, чаркаскі завод украінскай карпарацыі «Багдан» выпусціў браніраваныя армейскія грузавікі «Козак», якія могуць перавозіць па 23 вайскоўцы.
Па-другое, Украіна прыступіла да палявых выпрабаванняў аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Гром-2», а разам з ім прадставіў самаходную пускавую ўстаноўку з пяццю восямі і калёснай формулай 10 х 10 — нічога падобнага Украіна раней не вырабляла.
І трэцяе — Расія сфарміравала пад Калінінградам авіяцыйны полк са знішчальнікамі Су-30СЗМ, усе 12 штук, якія ёсць у наяўнасці ў Расіі.
Усе гэтыя падзеі аўтар лічыць сведчаннем здрады Беларусі ў адносінах да Расіі.
Грузавікі «Багдан Козак» фактычна з'яўляюцца беларускімі цягачамі МАЗ-6425, сабранымі з беларускіх машынакамплектаў у Чаркасах. Ішчанка сцвярджае, што машыну прапанавалі ўкраінцам у верасні 2015 года падчас выставы вайсковай тэхнікі ў Кіеве. Адзінае, што замянілі ў «Богдан Козак», — гэта расійскі рухавік яраслаўскага завода на кітайскі Weichai Power.
Сяргей Ішчанка
Комплекс «Гром-2» таксама можна назваць украінскім толькі часткова. Аўтар сцвярджае, што пры яго распрацоўцы не абышлося без беларускіх інжынераў і канструктараў. Украіна мае вайсковую вытворчасць у Паўлаградзе і Дняпры, таму ракету і сістэму навядзення ўкраінскія спецыялісты маглі зрабіць і самастойна. А вось колавае шасі — не.
Толькі некалькі краін у свеце сёння могуць выпускаць шасі для аператыўна-тактычных ракетных комплексаў, сярод іх ёсць і Беларусь. Нават магчымасці Расіі тут абмежаваныя — ім даводзіцца закупаць у Беларусі колавыя шасі для сваіх «Іскандэраў».
Вайсковы аглядальнік намякае, што шасі для Украіны паставіла Беларусь. Украіна ў 2014 годзе асвоіла вытворчасць колавых цягачоў для ўстановак «Град» і «Ураган», але перавозіць на іх такія вялікія комплексы, як «Іскандэр» альбо яго аналаг «Гром-2», нельга.
Сяргей Ішчанка нагадаў, як Мінскі завод колавых цягачоў хацела купіць Расія, але беларускія ўлады патрабавалі за яго $3 мільярды, таму здзелка не адбылася.
Папракае расійскі журналіст Беларусь і за адмову размясціць на сваёй тэрыторыі авіябазу. Аўтар сцвярджае, што менавіта той полк, які быў перакінуты пад Калінінград, мусіў зараз знаходзіцца пад Бабруйскам. Сяргей Ішчанка ўпэўнены, што у Беларусі і Расіі існавала дамоўленасць пра авіябазу пад Бабруйскам.
«У канцы 2014 года міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу заявіў, што з 2015 года пад Бабруйскам будуць разгорнуты 12 знішчальнікаў і чатыры верталёты Мі-8. Сыходзячы з фармулёўкі, вынікала, што як мінімум прынцыповая згода Мінска з гэтай нагоды была атрыманая. Але выявілася, што гэта не так».
Расійскія самалёты так і не з’явіліся ў Беларусі. Нават тыя чатыры самалёты Су-27СМ, якія дыслакаваліся пад Баранавічамі, пакінулі нашу краіну ў маі 2016 года.
У аўтара ўзнікае пытанне:
«Гэта і ёсць высокія саюзніцкія адносіны паміж Расіяй і Беларуссю? Менавіта на гэта кожны год мы пад бясконцыя размовы пра векавое сяброўства народаў трацім мільярдныя бюджэты?»