У сваім відэазвароце старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына раскрытыкавала працу Барысаўскай раённай выбарчай камісіі за тое, што тая адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты інваліду-вазочніку з-за тэхнічнай памылкі ў дакументах, паведамляе ex-press.by.

Ярмошына сказала, у прыватнасці, што барысаўская камісія праявіла «і бяздушнасць, і чэрствасць, і абыякавасць». І ў выніку гэтага (!) прэтэндэнтам была здзейснена памылка пры падачы дакументаў. Памылка тэхнічная, яна магла быць заўважаная сябрамі камісіі.

Ярмошына выбачылася перад магчымым кандыдатам і паведаміла, што не мае права адмяняць рашэнне Барысаўскай выбарчай камісіі.

Хто гэты чалавек, перад якім выбачылася Ярмошына?

Барысаўца клічуць Аляксандр Макарчук. Ён цалкам паралізаваны, што не перашкодзіла яму арганізаваць уласны бізнэс і стаць сацыяльна актыўным членам грамадства.

Па яго біяграфіі можна здымаць кіно.

Ён нарадзіўся ў нешчаслівай сям'і, маці была пазбаўленая бацькоўскіх правоў, выхоўваў дзед, былы вайсковец. З пятнаццаці гадоў пачаў працаваць, каб падтрымаць сябе і малодшага брата. Працаваў на будоўлі і санітарам, таму пасля восьмага класа прыйшлося сысці са школы.

У шаснаццаць гадоў захварэў і апынуўся ў інвалідным вазку. Ужо ў гэтым стане звязаўся з дрэннай кампаніяй і быў судзімы. Ажаніўся. Праз матэрыяльныя цяжкасці сям'я прадала кватэру ў Мінску і пераехала ў Барысаў.

У 2009 годзе здолеў атрымаць сярэднюю адукацыю. Атэстат Макарчука быў найлепшым у яго выпуску. У гэтым жа годзе ад яго сышла жонка, не вытрымаўшы матэрыяльных цяжкасцяў і іншых нягод.

Пасля разводу Аляксандр асвоіў кіраванне камп'ютарам голасам. У пачатку 2010 года запусціў свой першы сацыяльны праект «Без абмежаванняў» па дапамозе і рэабілітацыі паралізаваных людзей. Навучыўся распрацоўваць сайты і зарабляць на гэтым. Дзякуючы дапамозе сяброў змог паступіць у ВНУ, быў залічаны на факультэт грамадзянскага права і працэсу Міжрэгіянальнага адкрытага сацыяльнага інстытута РФ.

У 2014 годзе скончыў курсы інстытута IBA па сістэмным адміністраванні. Па выніках курсаў была праведзена рэспубліканская алімпіяда, у якой Аляксандр заняў першае месца. Пасля гэтага ім зацікавіліся працадаўцы, і ён атрымаў працу сістэмнага адміністратара. Працаваў аддалена, абслугоўваючы камп'ютарны парк дзвюх кампаній у Маскве. Самастойна асвоіў шэраг прафесій IT-сферы: праграміста, тэсціроўшчыка, спецыяліста інфармацыйнай бяспекі, IT-рэкрутары.

Новыя веды і ўменні дазволілі Аляксандру Макарчуку не толькі стаць паўнавартасным падаткаплацельшчыкам, але і набыць кватэру, фінансаваць дабрачынныя мерапрыемствы.

Восенню 2015 года Аляксандр паступіў у Вышэйшую школу бізнэсу і кіравання, скончыў на выдатна. Дыпломны праект быў прысвечаны дыстанцыйнай адукацыі для людзей з інваліднасцю.

Аляксандру ўдалося сабраць каманду людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія дасягнулі поспеху і прызнання. Яны дзеляцца сваімі ведамі і ўменнямі, што дапамагае асаблівым людзям паверыць у сябе і рэінтэгравацца ў грамадства. У праекце ўжо ўдзельнічае 35 чалавек.

Мэтавая аўдыторыя праекта — маладыя інваліды і іх сацыяльнае асяроддзе. Гэта добрая справа цалкам рэалізуецца ўласнымі сіламі, дзякуючы асабістаму энтузіязму і дапамозе валанцёраў. Праект не залежыць ад чужых грошай.

Пачынанне атрымала грамадскае прызнанне. Праект Макарчука выйшаў у фінал Social Weekend 2016 года, а ў маі 2017 года праект заняў першае месца ў конкурсе СНД «Свет роўных магчымасцяў» сярод 490 удзельнікаў.

У лютым 2017 года Аляксандр Макарчук афіцыйна зарэгістраваў ІП і пачаў працаваць на сябе і спрыяў працаўладкаванню людзей з інваліднасцю. Быў прызнаны працадаўцам года.

Распавесці пра досвед працы яго запрашалі на навуковую канферэнцыю ў БДУІР, дзе Аляксандр выступіў з грунтоўным дакладам «Праблемы дыстанцыйнай адукацыі ў Беларусі».

Чаму такі чалавек захацеў ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі?

Вось як пра гэта ён напісаў сам:

«Маючы вопыт пераадолення цяжкіх жыццёвых абставінаў, не маючы сям'і і дзяцей, хачу прынесці карысць грамадству, прынесці сваёй грамадскай дзейнасцю карысць тым, хто мае патрэбу ў гэтым больш за ўсё».

Нагадаем, Барысаўскую раённую выбарчую камісію ўзначальвае Павел Жуга, яго намеснік — Яўген Гаўрыльчык, сакратар камісіі — Наталля Злобіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?