Грамата Свабоды. Як даць рады БНР?

«We hold these Truths to be self-evident, that all Men are created equal, that they are endowed by their Creator with certain unalienable Rights, that among these are Life, Liberty, and the pursuit of Happiness», — кажа адзін з першых сказаў Дэкларацыі незалежнасці ЗША.

Ідэйныя вытокі амерыканскай дэкларацыі добра вядомыя. Між тым, на якія ідэалагічныя і моўныя ўзоры арыентаваліся стваральнікі ІІІ Устаўной граматы, вядома менш. Гэтае пытанне практычна не вывучаецца ў Беларусі. Здзіўляцца не выпадае: за постсавецкія дзесяцігоддзі ў Беларусі абароненыя ўсяго дзве дысертацыі па БНР.

З сёлетняй пісьмовай прадукцыі добра відаць гэты варты жалю стан даследаванняў. Кніжачка Інстытута гісторыі «пераклала» гісторыю БНР на мову ідэалогіі беларускай дзяржавы. Дыскусіі на Белсаце і на АНТ аднолькава далёкія ад гістарычнай навукі як яна мае быць. Нават прыязная формула гісторыка Рудлінга, які назваў БНР моцнай фікцыяй, здарожаным беларускім даследчыкам невядомая і хіба нецікавая. Яны жарсна спрачаюцца аб пытаннях, якія былі сфармуляваныя яшчэ ў той брэжнеўскі час, калі гісторыкі ў БССР уступілі ў дыскусію з эмігрантамі. Ці была БНР дзяржавай? Ці кіравалі ёй немцы? Такое асветніцтва ўзроўню «Б».

На гэтым фоне архіўны раман Шупы выглядае сапраўды неспадзяванай навацыяй. З яго прынамсі можна вывучаць гісторыю штодзённасці.

Новыя далягляды могуць адкрыцца толькі ў тым выпадку, калі «сымон-музыканцтва» беларускіх гісторыкаў скончыцца. Як Максім Танк у БССР дзень пры дні чытаў заходніх паэтаў і разважаў пра паэзію наогул, так і беларускія гісторыкі маюць выспеліць звычку дбаць аб дыялогу з амерыканскімі ці швейцарскімі калегамі.

Як склаўся палітычны слоўнік БНР

І ў архіўным рамане Шупы, і ў некаторых ранейшых публікацыях (артыкул Валянціна Мазца ў 9-м томе «Гістарычнага альманаха») абмяркоўваецца наступны эпізод з гісторыі БНР. У маі 1918-га Камісія па выпрацоўцы дзяржаўных сімвалаў і ўстанаўленні гістарычных дзяржаўных тэрмінаў прапанавала суцэльны перагляд палітычнага слоўніка БНР. Краіна мусіла б называцца Рэччу Паспалітай Беларускай, Рада мелася стаць соймам, старшыня рады — маршалкам, старшыня ўрада — канцлерам.

Гэтыя прапановы, заўважае Мазец, супалі з ранейшымі ідэямі Мітрафана Доўнар-Запольскага (ён выказаў іх у газеце «Вольная Беларусь»). У канчатковым выніку яны засталіся непрынятыя.

Але ўзнікае пытанне: чаму ў лютым і сакавіку, калі палітычная сістэма БНР фарміравалася, лексічная спадчына ВКЛ не была ўжытая?

Гэтае пытанне маглі б вывучаць якраз беларускія гісторыкі. Яно патрабуе дэталёвага вывучэння адпаведнага корпусу крыніц і ўжывання прадукцыйных паняццяў. Прынамсі «вынаходства традыцый» або «гістарычная палітыка». Багушэвіч, Каганец, Круг народнай прасветы, БСГ і «Наша Ніва» — гэтыя і іншыя гульцы ў полі маладой беларускай грамадскасці супольна фарміравалі паняцце аб беларускай мінуўшчыне. Ці было ВКЛ беларускай дзяржавай? Адказ на гэтае пытанне невідавочны. ІІ Устаўная грамата датавала паняволенне беларускага народа 1560-мі гадамі. Гэта значыць, ІІІ Статут ВКЛ як бы трапляе ў перыяд няволі.

Гіпотэза ў ходзе гэтага даследавання можа быць наступнай. Канцэпцыя гістарычнага паходжання беларускай дзяржаўнасці да 1918-га не сфарміравалася канчаткова. Прац Доўнар-Запольскага і Ластоўскага не хапіла для гэтага. Акрамя таго, у 1917-м магчымыя гістарычныя інспірацыі заступілі месца культуры рэвалюцыйнай дэмакратыі.

Гэта можна быць іншым кірункам такога запытання. Беларускае адгалінаванне гэтай рэвалюцыйнай культуры развівалася ў жвавым дачыненні з расейскім, а з лета 1917-га — і з украінскім. У ліпені 1917-га, калі паўстала Цэнтральная рада беларускіх арганізацый, прагучаў асцярожны голас супраць. Маўляў, надта патыхае Украінай. Увосень найбольш рашучыя лідары БСГ прапаноўвалі абвясціць беларускую аўтаномію «явачным» парадкам. Відавочна, яны мелі наўме ўкраінскі досвед. Менавіта так дзейнічала ўлетку Цэнтральная рада ў Кіеве — і дасягнула поспеху.

У гэтай сувязі высвятляецца, чаму І Устаўная грамата заснавала менавіта Народны сакратарыят, а ІІ — Народную рэспубліку. Сакратарыятам называўся да студзеня 1918-га ўкраінскі ўрад; Народная Рэспубліка як рэвалюцыйнае азначэнне палітычнай самаарганізацыі выпрацоўвалася таксама ў Кіеве.

Тут яшчэ цікава, што вобраз Рэчы Паспалітай Беларускай паўстаў пасля перавароту ў Кіеве і ліквідацыі УНР, якая пераўтварылася ў абгрунтаваны гістарычна гетманат — Украінскую дзяржаву. Але тут такія ўплывы не нагэтуль відавочныя, іх варта праверыць дакладней.

Канцэптуальная несамастойнасць айцоў БНР

Гістарычная палітыка беларускага нацыяналізму і культура рэвалюцыйнай дэмакратыі былі непасрэднымі, практычнымі крыніцамі натхнення для айцоў-заснавальнікаў БНР. Але праекты дзяржаўнасці зазвычай не вычэрпваюцца сімвалічным зместам. Яны павінны ўтрымліваць арганізацыйныя, практычныя прынцыпы. Яны ў сваю чаргу знітаваныя з абстрактнымі паняццямі суверэнітэту і грамадзянства.

Разгледзець такі сюжэт дзяржаўнасці можна акурат на прыкладзе Дэкларацыі незалежнасці ЗША. Яна разгортваецца, гэта менавіта сюжэт, завершаны твор. Перш-наперш тлумачыцца, адкуль паходзіць само права амерыканцаў выдаць такую дэкларацыю. Удакладняецца прырода і паходжанне ўрада. Дэманструюцца матывы такога ўчынку — гэта ліст скаргаў на караля Георга ІІІ.

Таксама амерыканцы звяртаюцца да ўсяго чалавецтва. Яны чакаюць ягонага прысуду. Гэты сюжэт скрозь абавязаны еўрапейскаму асветніцтву. Можна сказаць, што ўмоўныя Джон Лок і Імануіл Кант пісалі гэты твор разам з ягонымі непасрэднымі аўтарамі.

ІІІ Устаўная грамата ў гэтым сэнсе мае іншы характар. Яна амаль уся залежыць ад бягучага палітычнага моманту. У ёй няма звязнага ці прынамсі разгалінавага сюжэта. Галоўны клопат гэтага дакумента — Берасцейскі трактат.

Дэкларацыя незалежнасці ЗША наўрад ці паслужыла моўным узорам для аўтараў гэтае граматы. Бо і беларускі гістарычны досвед на той час мог быць дапасаваны да апавядальнае структуры амерыканскага самазаснавання. Рада БНР магла спаслацца на крыўды з боку Масквы. Пачынаючы з адказу Часовага ўрада дэлегацыі БНК («Расія — не этнаграфічны музей») праз І Усебеларускі з’езд да ганебных уцёкаў Мяснікова 18 лютага 1918 года.

З другога боку, варта запытацца аб тым, як выпрацоўваліся базавыя прынцыпы будучай палітычнай самаарганізацыі беларусаў. З якой дыскусіі яны вынікалі? Ці вялася яна ў «Вольнай Беларусі»? «Гомане»? Магчыма, на пасяджэннях віленскага БНК? Менскага? Або даўней — у «Нашай Ніве», «Беларусе», «Маладой Беларусі»?

Гэткая дыскусія ў 1917 годзе магла ўжо абаперціся на вялікі досвед ідэалагічнай работы і палітычнай практыкі. Яшчэ ў самым пачатку 1900-х гадоў Карусь Каганец распрацаваў канцэпцыю беларускай дзяржавы. Ён пабудаваў яго з пункту гледжання воласці. У ягоным бачанні Беларусь паўстае як злучэнне такіх самакіраваных валасцей. Краёвы сойм Каганца цікавіў менш, чым пытанне аб тым, як селянін можа атрымаць лес ад тае воласці.

Гэта якраз абсяг з’яў, што мелася б выражаць словазлучэнне «народная рэспубліка». Прынцыпы суверэнітэту: ці Беларусь — унітарная дзяржава? Ці гэта канфедэрацыя? Або моцна дэцэнтралізаваныя палітычная адзінка? Здаецца, гэтыя пытанні не надта абыходзілі беларускую грамадскасць у 1910-х, а словы «народная рэспубліка» былі пазычаныя механічна ад больш паспяховых паўднёвых суседзяў. Гэты перанос наўрад ці вынікаў са свядомага пошукавага намагання.

Яскравы прыклад у гэтай сувязі становіць Янка Купала (акурат цяпер у купалаўскім музеі ідзе выстава, прысвечаная біяграфіі паэта ў час фарміравання беларускай дзяржаўнасці).

Яшчэ ў 1993-м, калі выйшаў забаронены за Саветамі зборнік Купалы «Жыве Беларусь!», Вячаслаў Рагойша паспрабаваў рэканструяваць канцэпцыю беларускай дзяржаўнасці, якую выпрацаваў і бараніў паэт. Уражвае ейная беззмястоўнасць.

Купала лічыў, што беларуская дзяржава мусіла быць незалежнай, дэмакратычнай. У ёй належала гарантаваць правы нацыянальным меншасцям і правесці зямельную рэформу.

Тут трэба мець на ўвазе, і што і гэтыя канцэптуальныя рысы Купала агучыў у публіцыстыцы 1919-га — гэта значыць, ужо пасля таго, як іх увасобіла БНР. Паказальна, што, нават узяўшыся разабраць праблему нацыянальнага гімна, паэт толькі канстатаваў ягоную адсутнасць і заклікаў беларускае грамадства знайсці трапныя тэкст і музыку.

Хіба ўвесь арыгінальны ўнёсак Купалы, — паняцце «самачыннасць». Адштурхоўваючыся ад гэтага канцэпту (калі можна так выказацца), ён вітаў узрастаючы ўдзел моладзі ў беларускім руху і дзейнасць Беларускай вайсковай камісіі. Але развіць гэтыя расцярушаныя думкі ў зграбнае бачанне палітычнай арганізацыі Купала не змог.

Навошта яшчэ гісторыкі

У ЗША часта кажуць пра тры «граматы»: «Charters of Freedom» — гэта дэкларацыя, канстытуцыя і біль правоў. 

Цікава, што Доўнар-Запольскі, крытыкуючы небеларускае паходжанне палітычных паняццяў БНР, першай крыніцай іхнага запазычання называў амерыканскую канстытуцыю. 

Адкуль пазычалі сваё натхненне аўтары Устаўных грамат? Мы гэтага дакладна не ведаем. Падобна, найперш ад Украіны — можна дадаць, на жаль. Беднасць далягляду, уласцівая беларускай культуры, магла выявіцца ўжо тады.

Або не. Беднасць далягляду — гэта вывад, які можна аспрэчыць. Ён павінен быць аспрэчаны, і павінен быць пацверджаны. Так адбываецца рух навукі наперад — у спрэчцы, якая мабілізуе веды і звесткі крыніц.

Штурханне навукі ў бок, чым у сакавіку 2018-га дэкадэнтна бавіць час беларуская гістарыяграфія, шкодзіць з наступнае прычыны. Каб Устаўныя граматы былі з намі «сёння як жывыя», мае праводзіцца вялікая работа. І канструктывісцкая, і апісальная. Няможна проста адвольна захапляцца мужнасцю айцоў-заснавальнікаў. Такое захапленне павінна мець рэчыўны падмурак.

Граматы беларускай свабоды могуць быць не горшыя за амерыканскія. Могуць быць. Гэта патрабуе, пільна патрабуе работы. Без удзелу гісторыкаў яна не ажыццявіцца. Калі млосная прастадушнасць ток-шоу і бібліятэчных выстаў не ўраўнаважыцца эўрыстычнай смеласцю навуковага даследавання, гэтая работа хіба не будзе магчымай.

Што амерыканская акторка Джулія Луіс-Дрэйфус зрабіла на спіне татуіроўку прэамбулы амерыканскае канстытуцыі, дэманструе якраз вынік такой работы ў ЗША. Пачуццё асвойтанасці, эмацыйнае дачыненне, уяўленая прастора салідарнасці. Нацыя, так сказаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?