Раніцай 23 сакавіка быў затрыманы адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, піша Радыё Свабода са спасылкай на Хартыю'97.

«Дом быў у аблозе ўжо некалькі дзён, з кожнага боку дзяжурыла па адным «бусіку» з АМАПам… Сёння раніцай амапаўцы падышлі да дома і сказалі, што ёсць загад на затрыманне ў любым выпадку, нават калі не выйдзе з дома да 26 сакавіка. Сказалі, што будуць браць дом штурмам, выкарыстоўваць спецсродкі, пыталіся, ці ёсць маленькія дзеці ў доме, сказалі, што выломваць будуць нават міжпакаёвыя дзверы, біць шкло. Пасля таго, як пачалі сцякацца да дома з усіх бакоў, стукаць у дзверы і пагражаць выламаць, Жэня вырашыў выйсці. Сёньня будзе суд, ніякіх «даўгоў» па старых акцыях у яго няма», — распавяла жонка палітыка Кацярына Людвіг.

Два дні таму былі затрыманыя лідары Беларускага нацыянальнага кангрэсу Уладзіміра Някляеў, Максім Вінярскі і Вячаслаў Сіўчык.

Вінярскага і Сіўчыка асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, Уладзіміра Някляева — на 5 сутак.

Яны збіраліся ладзіць шэсце 25 сакавіка ад плошчы Якуба Коласа. У Мінгарвыканкам была пададзеная адпаведная заяўка, але ў шэсці было адмоўлена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0